5 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прадстаўніцтва Святога Прастола ў Беларусі і ў далейшым будзе садзейнічаць падтрыманню традыцыйных духоўных каштоўнасцей. Аб гэтым заявіў Апостальскі нунцый архібіскуп Габар Пінтэр, выступаючы 4 кастрычніка на мерапрыемстве з нагоды адкрыцця новага будынка Апостальскай нунцыятуры ў Мінску і 25-годдзя з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Святым Прастолам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"За 25 гадоў мы перажылі шмат сумесных, сапраўды плённых падзей. За гэты час многае змянілася ў свеце і Беларусі, але мэта нашага супрацоўніцтва засталася нязменнай. Мы і далей хочам сумесна працаваць на агульную карысць, каб гэты свет станавіўся найлепшым для кожнага чалавека, - адзначыў Апостальскі нунцый. - Пасля доўгага працэсу падрыхтоўкі і карпатлівай работы сённяшнім святкаваннем урачыстага адкрыцця новага будынка прадстаўніцтва Ватыкана ў Беларусі мы адзначаем знамянальную вяху ў развіцці дружалюбных адносін паміж Ватыканам і Беларуссю. Народная мудрасць гаворыць - добрае сяброўства мацнейшае за каменныя сцены. Няхай сцены Апостальскай нунцыятуры заўсёды будуць яркім знакам сяброўства і добрых адносін".