26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Федэральны канцлер Аўстрыйскай Рэспублікі Себасцьян Курц 28-29 сакавіка наведае Беларусь. Аб гэтым, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Плануецца, што Себасцьян Курц правядзе двухбаковыя перагаворы, а таксама прыме ўдзел у адкрыцці помніка аўстрыйскім ахвярам нацызму ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец". Манумент пад назвай "Масіў імён" прысвечаны памяці больш як 10 тыс. грамадзян Аўстрыі яўрэйскай нацыянальнасці, якія загінулі ў лагеры смерці "Трасцянец" у гады Другой сусветнай вайны.
Праграмай візіту прадугледжаны перагаворы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з высокім аўстрыйскім госцем. Запланавана таксама сустрэча прэм'ер-міністра Сяргея Румаса з федэральным канцлерам Аўстрыі і членамі дзелавой часткі дэлегацыі.
Прадугледжаны шэраг іншых мерапрыемстваў, сярод якіх памятны канцэрт-рэквіем.
Як інфармуе пасольства Аўстрыі ў Беларусі, у склад аўстрыйскай дэлегацыі ўвойдуць каля 40 чалавек: прадстаўнікі яўрэйскіх абшчын, сваякі загінулых у "Трасцянцы" аўстрыйскіх яўрэяў, а таксама прадстаўнікі аўстрыйскай эканомікі.
Таксама паведамляецца пра шэраг спадарожных мерапрыемстваў, якія пройдуць у Мінску ў бліжэйшыя дні. Так, 27 сакавіка адбудзецца паказ фільма "Зондэргета", 28 сакавіка з удзелам прадстаўнікоў аўстрыйскага боку пройдзе міжнародны семінар на пляцоўцы экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог", 29 сакавіка - беларуска-аўстрыйскі сімпозіум гісторыкаў у БДУ па дапрацоўцы вынікаў даследавання па Малым Трасцянцы.-0-