30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам расказаў аб магчымых шляхах вырашэння газавага пытання на прасторы саюза, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта пытанне да цяперашняга часу прысутнічае ў праекце стратэгічных напрамкаў, тут некалькі развілак. У нас ёсць праграма фарміравання агульнага рынку газу. У адпаведнасці з ёй у 2021 годзе павінен быць распрацаваны праект міжнароднага дагавора, дзе будуць прапісаны (мы так разлічваем) усе дэталі і нюансы: фарміраванне цаны на газ і тарыфаў на прапампоўку", - нагадаў Міхаіл Мясніковіч.
Паводле яго слоў, ёсць меркаванне, што газавае пытанне больш проста і ўдала будзе вырашыць у рамках двухбаковых адносін. Напрыклад, Беларусь і Расія будуць дамаўляцца непасрэдна, а не чакаць стварэння агульнага рынку. "І тое і другое пытанні маюць свае перавагі і недахопы. Арменія і Кыргызстан адназначна лічаць, што разам з Беларуссю можна будзе вырашаць і іх пытанні па тарыфах на прапампоўку і цэнах на газ. Але трэба ўлічваць, што ўзровень інтэграцыі, супрацоўніцтва ў рамках двухбаковых адносін таксама мае вельмі моцныя пазіцыі. І часам на ўмовах узаемнасці можна не ўсе пытанні вырашаць для пяцёркі - нешта можна вырашаць і на двухбаковай аснове", - растлумачыў старшыня Калегіі ЕЭК.
Падыходы да фарміравання агульнага рынку газу ў краін ЕАЭС падзяліліся: Расія і Казахстан займаюць адну пазіцыю, Беларусь, Арменія і Кыргызстан - іншую. Прычым Кыргызстан яшчэ прапануе ўрэгуляваць гандаль газам з трэцімі краінамі: ён ужо часткова закупляе яго ва Узбекістана. "Таму пытанне няпростае, дыскусійнае. Я думаю, гэта будзе адно з ключавых пытанняў парадку дня 11 снежня", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Акрамя фарміравання агульных рынкаў, у стратэгічных напрамках развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2025 года плануецца адлюстраваць развіццё заканадаўчай базы ЕАЭС.
"Мы бачым ужо, што права саюза - я маю на ўвазе заканадаўства - з'яўляецца няпоўным. Шэраг напрамкаў патрабуюць новага нарматыўна-прававога рэгулявання. У бліжэйшыя 3-5 гадоў неабходна будзе прыняць, паводле нашых разлікаў, 13 міжнародных дагавораў, каля 60 нарматыўных прававых актаў, якія датычацца рэгулявання ў Еўразійскім эканамічным саюзе, і каля 25 змяненняў і паправак трэба будзе ўнесці ў базавы дагавор 2014 года", - расказаў Міхаіл Мясніковіч.
Як паведамлялася, саміт ЕАЭС запланаваны на 11 снежня. З-за эпідэмічнай сітуацыі пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета пройдзе ў анлайн-фармаце. Паводле папярэдніх даных, парадак дня будзе ўключаць 28 пытанняў. Лідары краін ЕАЭС павінны ў тым ліку зацвердзіць стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2025 года. Дакумент павінен быў быць падпісаны кіраўнікамі дзяржаў яшчэ ў маі, але з-за недапрацовак было вырашана толькі "ў цэлым адобрыць" гэту праграму.
Памочнік старшыні Калегіі ЕЭК Ія Малкіна растлумачыла, што ў праекце стратэгіі застаецца няўзгодненым пытанне аб цэнах на транспарціроўку газу. "Праект рашэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета аб стратэгічных напрамках развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2025 года адобраны Саветам ЕЭК, - расказала яна ў час анлайн-брыфінгу 25 лістапада. - Як далажыў член Калегіі па інтэграцыі і макраэканоміцы ЕЭК Сяргей Глазьеў, практычна ўсе пазіцыі ўзгоднены бакамі. Засталіся адчувальныя рознагалоссі, якія датычацца вызначэння падыходаў да цэнаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку газу саюза".