24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрасаюз дапаможа Беларусі ўмацаваць граніцу з Украінай і Літвой. Аб гэтым заявіла сёння журналістам начальнік аперацыйнага аддзела прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Аўдроне Урбанавічутэ ў час міжнароднага семінара ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ўжо фінансавалі праекты па ўмацаванні беларуска-ўкраінскай граніцы і будзем прадаўжаць гэта. Акрамя таго, ёсць планы па ўмацаванні граніцы паміж Літвой і Беларуссю. Мы лічым, што работа беларускіх пагранічнікаў карысная і высокапрафесійная, таму нам цікава фінансаваць праекты ў пагранічнай сферы", - сказала начальнік аддзела.
Яна падкрэсліла, што Еўрасаюз хоча супрацоўнічаць з Беларуссю ў галіне сумеснага пагранічнага кантролю, каб прадухіляць спробы нелегальнай міграцыі і кантрабанды, а таксама дапамагчы законапаслухмяным грамадзянам без праблем перасякаць дзяржаўную граніцу.
Сёння ў Мінску пры падтрымцы праграмы Еўрасаюза TAIEX праходзіць семінар "Арганізацыя міжнароднага пагранічнага супрацоўніцтва ў мэтах забеспячэння эфектыўнага кіравання граніцамі". У ім прымаюць удзел прадстаўнікі органаў пагранічнай службы Беларусі, Латвіі, Літвы, Фінляндыі і Каардынацыйнай службы Савета камандуючых пагранічнымі войскамі краін СНД.