4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскія судовыя эксперты лічаць важным супрацоўніцтва з Беларуссю. Аб гэтым заявіў сёння ў час міжнароднай канферэнцыі ў Мінску старшыня еўрапейскай арганізацыі ў сферы судовай экспертызы ENFSI, генеральны дырэктар Нацыянальнага інстытута крыміналістыкі і крыміналогіі Бельгіі Ян дэ Кіндэр, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы вельмі рады, што нас запрасілі ў Беларусь, і гатовы прадаставіць вам сваю падтрымку. Больш таго, я думаю, што для нас будзе важна супрацоўнічаць з Беларуссю, і разлічваю, што ў будучым мы будзем працаваць яшчэ больш з'яднана", - сказаў Ян дэ Кіндэр.
У сваю чаргу старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі Андрэй Швед адзначыў, што спецыялісты яго ведамства пастаянна вывучаюць прагрэсіўны замежны вопыт у правядзенні экспертных даследаванняў, сістэматызацыі дзеючых і распрацоўцы новых методык экспертыз. "З улікам існуючых магчымасцей і асаблівасцей нацыянальнага заканадаўства ў работу беларускіх экспертаў укараняюцца самыя эфектыўныя метады і прыёмы. Удасканаленне судова-экспертнай дзейнасці ў Беларусі ў многім адбываецца дзякуючы супрацоўніцтву з міжнароднымі арганізацыямі", - падкрэсліў кіраўнік ведамства.
У Мінску 4-5 лютага сабраліся прадстаўнікі буйной еўрапейскай арганізацыі ў сферы судовай экспертызы ENFSI, якая аб'ядноўвае 64 экспертныя ўстановы з 36 еўрапейскіх краін. Па ініцыятыве кіраўніцтва ENFSI месца правядзення сустрэчы перанесена з Лондана ў Мінск.
Упаўнаважаныя вядучых экспертных устаноў Еўрапейскага саюза акрамя пасяджэння пастаяннага камітэта арганізацыі правядуць семінар са спецыялістамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі.