14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сістэма прафесійнай адукацыі аказвае вялікі ўплыў на развіццё грамадства ў цэлым. Аб гэтым заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў у час цырымоніі ўрачыстай перадачы пагаднення паміж Еўрапейскім саюзам і ўрадам Беларусі аб фінансаванні праграмы "Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі", якая адбылася сёння ў Мінадукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Згодна з дакументам, які быў перададзены сёння кіраўніку прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын, Еўрапейскі саюз інвесціруе 11,5 млн еўра ў развіццё сістэмы прафадукацыі ў Беларусі.
"За мінулыя гады ў адрозненне ад многіх іншых краін Беларусь не страціла сістэму прафесійнай адукацыі, а наадварот, значна развіла яе, удасканаліўшы механізм атрымання прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Разам з тым патрабаванні часу дыктуюць новыя правілы, патрэбны новыя прафесіі, навыкі і кваліфікацыі. Вельмі важна вырашаць пытанне занятасці і падрыхтоўкі як маладых людзей, так і дарослага насельніцтва. Я не сумняваюся, што на працягу пяці гадоў работы гэтай праграмы мы значна рушым наперад у сферы ўкаранення новай сістэмы кваліфікацый, створым новыя рэсурсныя цэнтры і зможам перадаваць наш вопыт работы і навучання іншым краінам", - адзначыў Міхаіл Жураўкоў. Плануецца стварэнне і арганізацыя работы цэнтраў у такіх галінах, як машынабудаванне, будаўніцтва і энергетыка (аднаўляльныя крыніцы энергіі), ахова навакольнага асяроддзя, сфера паслуг. Прадугледжваецца таксама распрацоўка адпаведных галіновых рамак кваліфікацый, прафесійных і адукацыйных стандартаў кампетэнтнаснага фармату, механізма сертыфікацыі кампетэнцый і кваліфікацый, распрацоўка Нацыянальнай стратэгіі развіцця навучання на працягу ўсяго жыцця і эфектыўных механізмаў фінансавання сістэмы прафесійнай адукацыі. Прадугледжваецца стварэнне Міжгаліновага рэсурснага навучальнага цэнтра, дадаў міністр.
У сваю чаргу Андрэа Віктарын адзначыла, што яна вітае ўключэнне Беларусі ў Балонскі працэс і лічыць яго важным крокам на шляху гарманізацыі сістэм адукацыі ўсёй Еўропы. "На сённяшні дзень, як паказвае сусветны вопыт, ужо мала адной кваліфікацыі і аднаго дыплома, трэба развіваць гібкую сістэму атрымання адукацыі праз усё жыццё", - сказала яна. У сувязі з гэтым кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі падкрэсліла: "Патрэбнасці сучаснага рынку працы змяняюцца даволі хутка, пастаянна ўзнікае неабходнасць у новых спецыяльнасцях і навыках. Усё гэта вядзе да развіцця сістэмы адукацыі, больш гібкай сістэмы навучання, якая дасць магчымасць маладым людзям і грамадзянам любога ўзросту пастаянна вучыцца і атрымліваць новыя веды".
Як адзначыў міністр, у Беларусі плануецца стварэнне і мадэрнізацыя 400 тыс. высокапрадукцыйных рабочых месц, што, несумненна, патрабуе падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі да 2020 года больш як 620 тыс. чалавек, у тым ліку 258 тыс. спецыялістаў для высокатэхналагічных навукаёмістых вытворчасцей. Для вырашэння гэтых задач неабходна правесці адпаведныя змяненні ў сістэме прафесійнай адукацыі, аб'яднаўшы намаганні ў падрыхтоўцы кадраў сістэмы адукацыі, навукі і вытворчасці. Таксама значная ўвага ў рамках праграмы будзе ўдзелена павышэнню прывабнасці прафадукацыі сярод моладзі і іх бацькоў.
Асноўныя партнёры праграмы: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства эканомікі, Нацыянальны статыстычны камітэт. Да ўдзелу ў мерапрыемствах праекта будуць актыўна прыцягвацца розныя ўдзельнікі рынку працы, такія як саюзы наймальнікаў, прафесійныя саюзы і грамадскія аб'яднанні.