12 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Еўрапейскі камісар па Еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханес Хан 17 кастрычніка наведае Беларусь з рабочым візітам. Аб гэтым 12 кастрычніка на брыфінгу паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Запланавана сустрэча з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і шэраг іншых. "Бакі абмяркуюць перспектывы ўзаемадзеяння Беларусі і ЕС у розных сферах, а таксама падрыхтоўку да саміту "Усходняга партнёрства", які адбудзецца ў лістападзе бягучага года ў Бруселі", - сказаў прадстаўнік МЗС.
Раней, адказваючы на пытанне БЕЛТА, Уладзімір Макей заявіў, што рашэнне аб узроўні ўдзелу беларускага боку ў саміце "Усходняга партнёрства" будзе прынята ў свой час. "Зразумела, мы будзем аналізаваць усе абставіны. У бліжэйшы час да нас (у Беларусь. - Заўвага БЕЛТА) плануюцца візіты высокапастаўленых дзеячаў Еўрапейскага саюза", - сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.