5 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Узаемадзеянне МЗС з ганаровымі консуламі краіны выбудавана на сістэмнай аснове. Важнасць гэтага адзначыў першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка на першай канферэнцыі ганаровых консулаў Беларусі, сённяшняе пасяджэнне якой праходзіць з удзелам прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Раней мы ўжо збіраліся ў МЗС з ганаровымі консуламі, якія прадстаўлялі той ці іншы рэгіён. У рэжыме нон-стоп ішла пастаянная работа з кожным ганаровым консулам, нашымі загранустановамі, Міністэрствам замежных спраў. Аднак цяпер праводзіцца першая ў гісторыі знешнепалітычнага ведамства сустрэча ўсяго корпуса ганаровых консулаў краіны з кіраўніком урада", - сказаў Андрэй Еўдачэнка.
Першы намеснік міністра падкрэсліў, што ўсе ганаровыя консулы маюць бясспрэчны аўтарытэт у сваіх краінах і аказваюць сур'ёзную дапамогу беларускім дыпламатычным прадстаўніцтвам за мяжой, міністэрствам, ведамствам, прамысловым прадпрыемствам.
На гэтай сустрэчы прысутнічаюць амаль 60 прадстаўнікоў з 45 дзяржаў (10 краін прадстаўлены двума і больш ганаровымі консуламі). "Гэта значыць, мы выкарыстоўвалі паспяховы вопыт не толькі краінавага супрацоўніцтва, але і больш цесна, прадметна працуем з рэгіёнамі і ў сукупнасці ахапілі ўсе без выключэння кантыненты і рэгіёны планеты", - сказаў першы намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства. Таксама на сустрэчы прысутнічаюць усе намеснікі міністра замежных спраў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў МЗС знешнепалітычнага ведамства.
Сёння трэці дзень работы канферэнцыі. Ганаровыя консулы ўжо сустрэліся з міністрам замежных спраў, дырэктарам Інстытута гісторыі НАН, пабывалі ў міністэрствах эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, адукацыі, спорту і турызму. Яны азнаёміліся з работай кантактна-кааперацыйнай біржы на базе БелГПП, наведалі БелАЗ, пабывалі на прэзентацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", які адкрыты не толькі для кітайскіх, але і ўсіх замежных інвестыцый.