9 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва нацыянальнага футбольнага стадыёна вызначана Пекінская гарадская будаўнічая карпарацыя, басейна - Пекінская інжынерна-будаўнічая карпарацыя. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў пасольстве Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы.
"У пасольстве 8 чэрвеня адбылася сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Кітаі Мікалая Снапкова з дырэктарам упраўлення міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва пры Міністэрстве камерцыі КНР Лі Сяабінам, у ходзе якой бакі абмеркавалі падрыхтоўку да будаўніцтва ў Беларусі двух аб'ектаў - нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту, што фінансуюцца за кошт тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая, - адзначылі ў беларускай загранустанове. - Бакі канстатавалі, што выкананы ўсе падрыхтоўчыя работы і фактычна дадзены старт пачатку будаўнічых работ па абодвух праектах".
Кітайскаму боку прэзентавалі відэарад аб падрыхтоўцы ў Беларусі будаўнічых пляцовак. Упаўнаважанымі ўстановамі беларускага боку назначаны Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту і Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама". Акрамя таго, на сустрэчы адбылася прэзентацыя кітайскіх кампаній, выбраных кітайскім бокам у якасці генеральных падрадных арганізацый. Генеральным падрадчыкам стадыёна вызначана Пекінская гарадская будаўнічая карпарацыя, басейна - Пекінская інжынерна-будаўнічая карпарацыя.
"Абедзве кампаніі - прафесійныя, яны маюць вялікі вопыт у стварэнні буйных нацыянальных аб'ектаў у Кітаі і за мяжой. У іх партфоліа - нацыянальны стадыён "Птушынае гняздо", нацыянальны спарткомплекс, культурны і спартыўны цэнтр Wukesong, Алімпійская вёска, Палац культуры і нацыянальнасцей, архітэктурны ансамбль плошчы Цяньаньмэнь, пекінскі аэрапорт Шоўду, новы аэрапорт Дасін, будынак цэнтральнага тэлебачання, гасцініца "Пекін", першая лінія пекінскага метро, інфраструктурныя і спартыўныя аб'екты ў Пакістане, Вялікабрытаніі, Мальдывах", - расказалі ў пасольстве.
Мікалай Снапкоў падзякаваў кітайскаму боку за актыўную падрыхтоўку да рэалізацыі праектаў, якая не спынялася нягледзячы на пандэмію каранавіруса. Ён падкрэсліў, што тэхніка-эканамічная дапамога, якая прадастаўляецца ўрадам Кітая, мае сацыяльную арыентаванасць, сімвалізуе дружбу народаў Беларусі і Кітая, правераную і часам, і цяжкасцямі. За 2016-2019 гады завершана 11 праектаў на суму амаль $206 млн у эквіваленце. У стадыі рэалізацыі альбо падрыхтоўкі знаходзяцца 7 буйных праектаў.
Як адзначалася на сустрэчы, 25 красавіка 2019 года ў Пекіне на двухбаковай сустрэчы ў ходзе другога Форуму міжнароднага супрацоўніцтва "Пояс і шлях" генеральны сакратар ЦК КПК, старшыня КНР Сі Цзіньпін прэзентаваў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку макеты стадыёна і басейна. Кіраўнік беларускай дзяржавы асабіста прымаў удзел у выбары канцэпцыі прасторава-планіровачных рашэнняў па абодвух спартыўных аб'ектах.
Лі Сяабін падкрэсліў адказнасць і прыярытэтнасць рэалізуемых праектаў у Беларусі, якая адна з першых падтрымала ініцыятыву "Пояс і шлях" і з'яўляецца стратэгічным партнёрам Кітая. Ён адзначыў таксама вялікую ўвагу кіраўнікоў дзвюх дзяржаў да сумесных праектаў. Нягледзячы на пандэмію, праведзена вялікая падрыхтоўчая работа, і бакі ўжо ўступаюць на этап будаўніцтва. Мэта - стварыць узорныя аб'екты для Беларусі і апраўдаць давер кіраўніцтва дзвюх краін.
Старшыня праўлення Пекінскай інжынерна-будаўнічай карпарацыі Фань Цзюнь падкрэсліў важнасць асабістай увагі кіраўнікоў Беларусі і Кітая да гэтых аб'ектаў, што ўскладае асаблівую адказнасць на выканаўцаў. Паводле слоў кіраўніка кампаніі, будаўніцтва басейна будзе выканана якасна і ў тэрмін, з прымяненнем сучасных тэхналогій і рашэнняў.
Старшыня праўлення Пекінскай гарадской будаўнічай карпарацыі Чэнь Дайхуа адзначыў, што "ў працэсе стварэння нацыянальнага футбольнага стадыёна кампанія будзе прытрымлівацца прынцыпаў сумеснага абмеркавання, сумеснага будаўніцтва, лепшых міжнародных стандартаў, узводзячы новы адметны будынак для беларускіх сяброў".
Падводзячы вынікі сустрэчы, Мікалай Снапкоў падкрэсліў важнасць падбору кітайскім бокам кадраў для каардынацыі і кіравання праектамі ў Беларусі, крытэрыямі якога павінны стаць узаемапавага і прафесійная аддача.
"У сваю чаргу на пасадзе першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў прадоўжыць асабісты кантроль за ходам будаўніцтва стадыёна і басейна", - звярнулі ўвагу ў пасольстве.