4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўных узнагарод удастоены 47 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысуджаны за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у развіццё беларускага трактарабудавання, прамысловага комплексу рэспублікі і будаўнічай галіны, дасягненні ў сферы навукі і адукацыі, заслугі ў захаванні і папулярызацыі нацыянальнай культуры, актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Ордэнам Працоўнай Славы ўзнагароджаны работнікі Мінскага трактарнага завода: аператар станкоў з праграмным кіраваннем Пётр Бабок, маляр Таццяна Жыбуль, начальнік корпуса зборкі трактароў Леанід Самусевіч. Сярод удастоеных ордэна Пашаны таксама прадстаўнікі МТЗ: аператар станкоў з праграмным кіраваннем Сяргей Саніковіч і генеральны канструктар навукова-тэхнічнага цэнтра Андрэй Стасілевіч.
Вялікая група ваеннаслужачых узнагароджана медалём "За адзнаку ў воінскай службе". Сярод іх інжынер групы падрыхтоўкі ракет тэхнічнай пазіцыі 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы Аляксандр Васілевіч, старшы афіцэр разведвальнай групы 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Аляксандр Данілін, намеснік начальніка ваеннай аўтамабільнай інспекцыі Гродзенскай ваеннай камендатуры Ігнат Зыбін, намеснік камандзіра 50-й змешанай авіябазы Уладзімір Скоркін.
Сярод узнагароджаных медалём "За працоўныя заслугі" намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага гістарычнага музея Ніна Калымага, начальнік цэхавай рамонтнай службы прэсава-зварачнага цэха Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў Сяргей Кудзіновіч, газарэзчык Лідскага цэха прадпрыемства "Гроднадругасчормет" Віталь Маршалок, намеснік дырэктара Навукова-даследчага інстытута тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Надзея Юрашэвіч.
Медаля Францыска Скарыны ўдастоены кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ансамбля танца "Сузор'е" Вадзім Матанцаў.
Указам таксама прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь. Дырэктар ААТ "Славянка" Тэймураз Бачарышвілі стаў заслужаным работнікам прамысловасці Беларусі, а намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко - заслужаным будаўніком Беларусі.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнні аб аб'яўленнi Падзякi Прэзiдэнта Беларусі. За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё беларускага трактарабудавання яна аб'яўлена работнікам Мінскага трактарнага завода. Сярод іх памочнік генеральнага дырэктара па сацыяльным развіцці і ідэалагічнай рабоце Андрэй Суслянкоў, начальнік упраўлення кадраў Ігар Варабей, галоўны бухгалтар Наталля Грамыка, мадэльшчык па драўляных мадэлях Генадзь Лявончык, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчага цэха "Гайна" Ігар Ціхановіч, наладчык зварачнага і газаплазмарэжучага абсталявання Ігар Шэўчык.
За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё паліграфічнай галіны і кнігавыдавецтва Падзякі Прэзідэнта ўдастоены генеральны дырэктар выдавецтва "Беларускі Дом друку" Раман Алейнік.
Яшчэ адным распараджэннем Падзяка Прэзідэнта Беларусі аб'яўлена прадстаўнікам аграпрамысловага комплексу краіны. За значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў узнагароды ўдастоены працаўнікі АПК Мінскай вобласці і Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Падзяка таксама аб'яўлена калектывам работнікаў ААТ "Агра-Калядзічы" Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, ААТ "Хацілы-Агра" Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці, ААТ "Отар" Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, ТАА "Дэйрыфарм" Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, ААТ "Гарадзілава" Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці і ўнітарнага камунальнага сельгаспрадпрыемства "Саўгас "Добраахвотнік" Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці.