23 лютага, Полацк /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Дзяржаўную праграму па развіцці імпартазамяшчальных вытворчасцей фармацэўтычных субстанцый, гатовых лекавых і дыягнастычных сродкаў у Беларусі на 2010-2014 гады і на перыяд да 2020 года плануецца актуалізаваць або распрацаваць новую - на 2016-2020 гады. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава, якая 21 лютага правяла асабісты прыём грамадзян у Полацкім райвыканкаме.
На нарадзе аб стане і перспектывах развіцця беларускай фармацэўтычнай прамысловасці 20 лютага кіраўнік дзяржавы ўказваў на тое, што, нягледзячы на несумненныя перспектывы гэтай галіны, у ёй не ўсё паспяхова. На рынку ўсё яшчэ пераважаюць імпартныя прэпараты, мадэрнізацыя фармпрадпрыемстваў адстае ад плана. У сувязі з гэтым наспела неабходнасць перагляду Дзяржаўнай праграмы імпартазамяшчэння. "Або яна будзе актуалізавана з 2016 года, або падрыхтавана новая на 2016-2020 гады - па выпуску імпартазамяшчальных лекавых прэпаратаў у нашай краіне. Мы будзем прапрацоўваць гэта пытанне на ўзроўні ўрада", - растлумачыла Наталля Качанава.
Яна лічыць, што для развіцця галіны патрэбны як тэхналогіі, так і сур'ёзная работа вучоных. "Наша навука павінна пастаянна распрацоўваць новыя канкурэнтаздольныя прэпараты і фармацэўтычныя субстанцыі, - заявіла віцэ-прэм'ер. - Да канца 2017 года ўсё, што запланавана па праграме мадэрнізацыі і будаўніцтва новых фармвытворчасцей у Беларусі, павінна быць рэалізавана. І адначасова неабходна завяршыць працэдуру міжнароднай сертыфікацыі".
Наведаўшы раней шэраг прадпрыемстваў фармацэўтычнай галіны, Наталля Качанава адзначыла: "Прэпараты, якія выпускае наша прамысловасць, добрай якасці і па цане канкурэнтаздольныя. Таму не сорамна гаварыць людзям, каб яны куплялі лякарствы беларускай вытворчасці". Яна ўпэўнена і ў іх экспартным патэнцыяле, таму паралельна з распрацоўкай новых прэпаратаў трэба займацца пашырэннем вытворчасцей, што ў выніку станоўча паўплывае на рэнтабельнасць. "Хоць паказчыкі работы галіны па выніках 2011-2014 гадоў і так высокія. Шэраг прадпрыемстваў высокай рэнтабельнасці, а сярэдняй - 26 працэнтаў. Добрыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Таму існуючыя перспектывы нельга не выкарыстоўваць", - рэзюмавала віцэ-прэм'ер.