30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўная праграма "Энергазберажэнне" на 2016-2020 гады зацверджана ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту.
Дзяржпраграмай вызначаны стратэгічныя мэты дзейнасці ў галіне энергазберажэння на перыяд да 2021 года. Сярод іх - стрымліванне росту валавога спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР) пры эканамічным развіцці краіны, далейшае павелічэнне выкарыстання мясцовых ПЭР, у тым ліку аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ).
Для гэтага па падпраграме "Павышэнне энергаэфектыўнасці" неабходна забяспечыць аб'ём эканоміі ПЭР у выніку рэалізацыі энергазберагальных мерапрыемстваў, па падпраграме "Развіццё выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў, у тым ліку аднаўляльных крыніц энергіі" - павялічыць долю мясцовых ПЭР, у тым ліку з АКЭ, у валавым спажыванні ПЭР.
Зводныя мэтавыя паказчыкі дзяржпраграмы - зніжэнне энергаёмістасці ВУП да 2021 года не менш як на 2 працэнты да ўзроўню 2015 года, дасягненне да 2021 года суадносін аб'ёму вытворчасці (здабычы) першаснай энергіі и валавога спажывання ПЭР не менш як 16 працэнтаў.
У адпаведнасці з падпраграмай "Павышэнне энергаэфектыўнасці" далейшае павышэнне энергаэфектыўнасці будзе забяспечвацца ў першую чаргу за кошт укаранення сучасных энергаэфектыўных тэхналогій, энергазберагальнага абсталявання і матэрыялаў ва ўсіх галінах эканомікі і асобных тэхналагічных працэсах, а таксама за кошт структурнай перабудовы эканомікі, накіраванай на развіццё менш энергаёмістых вытворчасцей, актывізацыі работы па папулярызацыі энергазберажэння і рацыянальнага выкарыстання ПЭР.
Рэзервы эканоміі ПЭР будуць вызначацца з дапамогай энергетычных абследаванняў (аўдытаў), маніторынгу спажывання ПЭР у арганізацыях рэспублікі.
Павышэнне энергетычнай самастойнасці дзяржавы павiнна ажыццяўляцца з улікам максімальнага ўключэння ў паліўны баланс мясцовых ПЭР і аднаўляльных крыніц энергіі.
Асноўнымі напрамкамі далейшага развіцця выкарыстання мясцовых ПЭР будуць стварэнне энергакрыніц, якія выкарыстоўваюць мясцовыя ПЭР (драўнянае і тарфяное паліва, гаручыя адходы; удасканаленне інфраструктуры па нарыхтоўцы і транспарціроўцы драўнянага паліва са зніжэннем затрат на нарыхтоўку, транспарціроўку і захоўванне энергетычнай біямасы, павышэнне яе эксплуатацыйных характарыстык; стварэнне ў арганізацыях ЖКГ магутнасцей па вытворчасці паліва з цвёрдых камунальных адходаў (RDF-паліва) з яго выкарыстаннем на энергакрыніцах.
Акрамя таго, прадугледжваецца стварэнне біягазавых установак на ачышчальных збудаваннях і палігонах пахавання цвёрдых камунальных адходаў, у сельгасарганізацыях, якія займаюцца развядзеннем буйной рагатай жывёлы, свіней і птушкі, сумарнай электрычнай магутнасцю не менш як 30 МВт; павелічэнне выпрацоўкі электрычнай і цеплавой энергіі за кошт выкарыстання энергіі вады, ветру, сонца.
Вытворчасць электрычнай і цеплавой энергіі з выкарыстаннем энергіі вады, ветру і сонца будзе весціся за кошт будаўніцтва новых гідраэлектрастанцый, укаранення фотаэлектрычных станцый, павелічэння выкарыстання геліяводанагравальнікаў і розных геліяўстановак для інтэнсіфікацыі працэсаў сушкі прадукцыі і падагрэву вады ў сельскагаспадарчай вытворчасці і для бытавых мэт, уводу ў эксплуатацыю ветраэнергетычных установак.
Рэалізацыя дзяржпраграмы "Энергазберажэнне" на 2016-2020 гады павінна дазволіць краіне выйсці на яшчэ больш высокія паказчыкі энергаэфектыўнасці, наблізіўшыся ўшчыльную па гэтым паказчыку да большасці развітых краін.