Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

16 Стд 2018

Дыпламаты з ЗША выказалі жаданне ўдзельнічаць у маніторынгу мясцовых выбараў у Беларусі

16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дыпламаты з ЗША, акрэдытаваныя ў Беларусі, выказалі жаданне ўдзельнічаць у маніторынгу мясцовых выбараў у Беларусі, паведаміла сёння старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыла Лідзія Ярмошына, міжнародныя наглядальнікі для маніторынгу мясцовых выбараў у краіне звычайна не запрашаюцца. "Аднак у нас існуе традыцыя, што замежныя дыпламаты, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь, маюць права весці кароткатэрміновае назіранне", - сказала яна.

Паводле слоў старшыні ЦВК, зварот аб жаданні назіраць за мясцовымі выбарамі паступіў ужо ад пасольства ЗША - дыпламаты звярнуліся і ў МЗС, і ў Цэнтрвыбаркам. Да гэтага часу размова ідзе аб дзевяці супрацоўніках амерыканскага пасольства, сярод якіх часовы павераны ў справах.

Дыпламаты іншых краін таксама заявілі аб сваім жаданні ўдзельнічаць у кароткатэрміновым маніторынгу палітычнай кампаніі.

Замежныя ўдзельнікі маніторынгу маюць права працаваць на пасяджэннях любых выбарчых камісій і на любых участках для галасавання, знаходзіцца на ўчастках аж да заканчэння падліку галасоў. Колькі будзе ў выніку акрэдытавана дыпламатаў, жадаючых працаваць на мясцовых выбарах, пакуль невядома, але ў 2010 годзе было выдадзена 50 акрэдытацыйных пасведчанняў, а ў 2014 годзе - 15.

Доўгатэрміновыя міжнародныя місіі звычайна працуюць у Беларусі ў час прэзідэнцкіх і парламенцкіх электаральных кампаній.

Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага, прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 13 па 17 лютага. Цяпер пададзеныя на вылучэнне дакументы праходзяць праверку ў мясцовых выбаркамах, на падставе гэтага будуць прымацца рашэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Гэты этап выбарчай кампаніі прадоўжыцца па 18 студзеня. Адразу пасля рэгістрацыі кандыдаты могуць пачынаць агітацыю - выступаць у СМІ, праводзіць мітынгі і пікеты, знаёміць выбаршчыкаў са сваімі праграмамі. Агітацыя прадоўжыцца па 17 лютага ўключна, у асноўны дзень выбараў яна забаронена.

Па выніках вылучэння на 18 тыс. 111 дэпутацкіх мандатаў прэтэндуюць 22 тыс. 713 чалавек. Такім чынам, у сярэднім па краіне конкурс складае 1,2 чалавека на месца.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі