11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэлегацыя Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора (ПКБМ) на чале са старшынёй канферэнцыі Янісам Вуцансам наведае Беларусь 12-14 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
Плануюцца сустрэчы членаў дэлегацыі з кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў і Міністэрства замежных спраў. Таксама ў праграме сустрэчы з дэпутатамі пастаянных камісій парламента, прадстаўнікамі міністэрстваў энергетыкі, адукацыі, аховы здароўя, спорту і турызму, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Дэлегацыя Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора наведае шматфункцыянальны культурна-спартыўны комплекс "Мінск-Арэна", Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.
ПКБМ заснавана ў 1991 годзе. Канферэнцыя лічыць сваёй мэтай развіццё супрацоўніцтва паміж нацыянальнымі і рэгіянальнымі парламентамі рэгіёна Балтыйскага мора; супрацоўніцтва з Саветам дзяржаў Балтыйскага мора і іншымі ўрадавымі і няўрадавымі арганізацыямі рэгіёна; ініцыіраванне і падрыхтоўку палітычных мерапрыемстваў. Статус пастаяннага ўдзельніка маюць Германія, Данія, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Польшча, Расія, Фінляндыя, Швецыя, Эстонія, а таксама пяць міжпарламенцкіх арганізацый (Балтыйская асамблея, Еўрапейскі парламент, ПАСЕ, ПА АБСЕ, Паўночны савет). Статус наглядальніка маюць 27 арганізацый.