7 ліпеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Дэлегацыя Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі прыме ўдзел у мерапрыемствах XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе сходу.
У склад дэлегацыі ўвойдуць 5 парламентарыяў: старшыня Камісіі Парламенцкага сходу па інфармацыйнай палітыцы, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч; намеснік старшыні Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Мікалай Казаравец; член Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сягоднік; член Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Уладзімір Васіленка; член Камісіі Парламенцкага сходу па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварый, член Камітэта Дзярждумы Расіі па аграрных пытаннях Святлана Максімава.
У Віцебскім абласным выканаўчым камітэце 9 ліпеня адбудзецца прэс-канферэнцыя, прысвечаная адкрыццю фестывалю. У ёй прыме ўдзел член Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях Аляксандр Сягоднік. Потым дэпутаты наведаюць урачыстае адкрыццё ХХIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
10 ліпеня на "Славянскім базары ў Віцебску" пройдзе Дзень Саюзнай дзяржавы. Праграмай мерапрыемстваў запланавана ўскладанне кветак да Вечнага агню на плошчы Перамогі прадстаўнікамі Парламенцкага сходу, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Дэпутаты наведаюць выхаваўчую ўстанову для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзе азнаёмяцца з умовамі пражывання, навучання і правядзення вольнага часу выхаванцаў, а таксама правядуць сустрэчу з адміністрацыяй і педагогамі дзіцячага дома. А вечарам у Летнім амфітэатры пройдзе святочны канцэрт "Саюзная дзяржава запрашае. Злучаючы прастору і час". У афіцыйнай частцы мерапрыемства старшыня Камісіі Парламенцкага сходу па інфармацыйнай палітыцы Андрэй Навумовіч перадасць прывітальныя словы ад старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі спікера Дзярждумы РФ Сяргея Нарышкіна.
"Дзень Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары ў Віцебску" ўпершыню прайшоў у 2003 годзе. З таго часу парламентарыі штогод удзельнічаюць у фестывалі", - адзначылі ў прэс-службе.
На заканчэнне фестывалю дэпутаты традыцыйна ўзнагародзяць спецыяльнымі прызамі пераможцаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні ад Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, а таксама лепшых вакалістаў Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу ў намінацыях "Лепшы выканаўца эстраднай песні ад Рэспублікі Беларусь" і "Лепшы выканаўца эстраднай песні ад Расійскай Федэрацыі". Імёны пераможцаў будуць аб'яўлены ў час урачыстага закрыцця XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".