11 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і Таджыкістан у час маючага адбыцца афіцыйнага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі плануюць падпісаць дарожную карту двухбаковага супрацоўніцтва на 2019-2020 гады. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў пасол Беларусі ў Таджыкістане Алег Іваноў.
"Самае галоўнае, чаго мы чакаем ад візіту, гэта канвертацыя той давернасці адносін, якая склалася паміж прэзідэнтамі, у практычныя справы. Перш за ўсё, у сферы кааперацыі. Мы даўно гаворым, што гатовы дапамагаць Таджыкістану і ісці з ім так далёка (у развіцці адносін. - Заўвага БЕЛТА), як ён сам будзе гатовы", - сказаў пасол.
Алег Іваноў адзначыў, што ў папярэднія гады з-за шэрага фактараў канкрэтнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Таджыкістанам развівалася ад выпадку да выпадку. "Цяпер мы ўжо намецілі даволі прагматычную, прыкладную праграму нашых сумесных дзеянняў, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай сферы. Менавіта таму ў рамках візіту будзе падпісана дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана на 2019-2020 гады", - расказаў дыпламат.
Паводле яго слоў, дарожная карта ўключае ўсе асноўныя напрамкі супрацоўніцтва, у тым ліку гандлёва-эканамічнае, гуманітарнае, культурнае. Ёсць у ёй і элемент ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. "Гэта ўсёабдымная праграма работы як на дзяржаўным, так і на міжгаліновым і ведамасным узроўнях", - растлумачыў Алег Іваноў.
Дыпламат расказаў, што ў час афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі плануецца падпісаць каля 15 двухбаковых дакументаў. Сярод іх, акрамя ўжо згаданай дарожнай карты, сумесная заява прэзідэнтаў, шэраг пагадненняў, планы сумеснай работы паміж некаторымі ведамствамі.
Пасол расказаў і пра маштабы маючай адбыцца Нацыянальнай выстаўкі Беларусі ў Таджыкістане, адзначыўшы, што яна стане адной з буйнейшых беларускіх выставак за мяжой за апошнія гады. У ёй прымуць удзел прадстаўнікі амаль 150 прадпрыемстваў і арганізацый, будзе прадстаўлена і прадукцыя кааперацыйнай зборкі. "Усе асноўныя галіны беларускай эканомікі. Гэта і харчовая прамысловасць, і машынабудаванне, адукацыя, медыцына, спорт і турызм, хімія, сувязь, IT-сфера - увесь спектр таго, чым багатая Беларусь", - адзначыў Алег Іваноў.
Пры фарміраванні экспазіцыі беларускі бок прытрымліваўся выключна прагматычнага падыходу. "Мы вязём сюды тэхніку не для таго, каб пахваліцца, а вязём тую тэхніку, якая можа быць запатрабавана ў Таджыкістане і сумежных краінах. Вязём па заказе. Мы спачатку праводзілі работу, каб той бізнес, які будзе ўдзельнічаць у нашых мерапрыемствах, паглядзеў тое, што яны заказалі па каталогах, па інтэрнэце і шляхам прамых перагавораў", - звярнуў увагу дыпламат.
Гаворачы аб маючым адбыцца ў Душанбэ бізнес-форуме, Алег Іваноў падкрэсліў, што гэта мерапрыемства першапачаткова арганізоўвалася ў трохбаковым фармаце - з удзелам бізнесу Афганістана. Аднак ужо цяпер атрымана пацвярджэнне, што на форум прыедуць і дзясяткі прадстаўнікоў кампаній з Пакістана, Узбекістана і Казахстана. Чакаецца падпісанне некалькіх дзесяткаў кантрактаў і мемарандумаў аб намерах на суму дзясяткаў мільёнаў долараў.
Тавараабарот паміж Беларуссю і Таджыкістанам па выніках 2017 года склаўся на ўзроўні $42,9 млн, што больш як у два разы перавышае вынік 2016-га. Рост прадоўжыўся і ў 2018-м годзе. У студзені-сакавіку ў параўнанні з першым кварталам 2017-га тавараабарот павялічыўся на 147 працэнтаў, а беларускі экспарт у Таджыкістан - на 160 працэнтаў. Алег Іваноў растлумачыў, што такія ўражальныя лічбы росту часткова звязаны з невысокай базай 2015-2016 гадоў, калі назіраўся агульны спад у гандлі з краінамі СНД. Аднак дасягненню больш высокіх вынікаў садзейнічалі і дамоўленасці на ўзроўні лідараў дзвюх краін, актыўная работа бізнес-колаў і дыпламатаў. У прыватнасці, наладжаны прамыя пастаўкі, вырашаны некаторыя праблемныя пытанні з лагістыкай, задзейнічаны сучасныя фінансавыя схемы забеспячэння здзелак. Ёсць вынікі і ў частцы рэалізацыі сумесных праектаў. Напрыклад, у канцы 2017 года пачала працаваць зборачная вытворчасць трактароў МТЗ у горадзе Гісары на базе дылера АТЗТ "Агратэхсэрвіс". Усяго ж у Таджыкістане функцыянуе тавараправодная сетка больш як 15 беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ "БелАЗ", ААТ "МАЗ", ААТ "МТЗ", ААТ "Амкадор", ААТ "Гомсельмаш", ААТ "Бабруйскаграмаш".
Пасол дадаў, што выключна пытаннямі развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва мерапрыемствы ў Таджыкістане ў дні афіцыйнага візіту кіраўніка дзяржавы не абмяжуюцца. Запланаваны Дні культуры і кіно Беларусі ў Таджыкістане. Мерапрыемствы пройдуць не толькі ў сталіцы, але і іншых гарадах краіны.
Па асобнай праграме будуць працаваць прадстаўнікі беларускіх ВНУ. У Таджыкскім тэхнічным універсітэце будуць адкрыты два цэнтры. Адзін з іх - цэнтр беларускай прававой інфармацыі, які дасць магчымасць выходзіць на нарматыўную базу ЕАЭС. І другі - цэнтр беларускай мовы, культуры і адукацыі. Прадугледжваецца і падпісанне дагавораў на навучанне.
Акрамя таго, у ходзе двухбаковых кантактаў прадугледжваецца і даволі змястоўны палітычны парадак дня, у тым ліку маючы на ўвазе старшынства Таджыкістана ў СНД, плануемыя мерапрыемствы па лініі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, рэалізацыю міратворчых ініцыятыў і процідзеянне тэрарызму, узаемадзеянне на міжнародных пляцоўках.