18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік беларускай дэлегацыі на 68-й сесіі генеральнай канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Андрэй Дапкюнас 18 верасня выступіў у ходзе агульнай дыскусіі канферэнцыі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў беларускім Пастаянным прадстаўніцтве ў Вене.
У выступленні Андрей Дапкюнас падкрэсліў важнасць захавання за агенцтвам ролі галоўнага міжнароднага механізма для садзейнічання краінам у атрыманні доступу да выгод мірнага атама, а таксама забеспячэння фізічнай ядзернай бяспекі. Беларускі дыпламат падкрэсліў, што, выконваючы гэтыя функцыі, МАГАТЭ павінна строга кіравацца сваім мандатам.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі сказаў пра глыбокую занепакоенасць Беларусі ў сувязі з паведамленнямі аб магчымых атаках і правакацыях адносна шэрага ядзерных аб'ектаў, Запарожскай і Курскай АЭС. Асудзіўшы атакі на энергетычную інфраструктуру і АЭС, беларускі дыпламат заклікаў кіраўніцтва агенцтва неадкладна і самым рашучым чынам рэагаваць на сітуацыі, якія ствараюць пагрозу ядзернай бяспецы на АЭС.
Андрэй Дапкюнас паведаміў аб прагрэсе ў рэалізацыі нацыянальнай праграмы ядзернай энергетыкі, акцэнтуючы ўвагу на прыярытэтнасці для Беларусі пытанняў ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Дыпламат адзначыў, што Беларусь поўнасцю адкрыта для канструктыўнага экспертнага дыялогу з усімі зацікаўленымі бакамі і абмену вопытам.
Пастаянны прадстаўнік таксама адзначыў, што справаздачы аб ацэначных і кансультатыўных місіях МАГАТЭ ў Беларусі размешчаны ў адкрытым доступе. Усе праведзеныя місіі былі вельмі карысныя для краіны. Рэзультаты іх работы - рэкамендацыі і прапановы - пакладзены ў аснову нацыянальных планаў дзеянняў.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі вітаў правядзенне навуковага форуму генеральнай канферэнцыі па флагманскай ініцыятыве "Атам для прадуктаў харчавання", адзначыўшы важнасць выкарыстання ядзерных тэхналогій у сельскагаспадарчай вытворчасці для забеспячэння харчовай бяспекі. У гэтым кантэксце была звернута ўвага на негатыўны ўплыў санкцый, уключаючы забарону заходнімі краінамі транзіту беларускіх калійных угнаенняў, на глабальную харчовую бяспеку.
Андрэй Дапкюнас заклікаў адмовіцца ад згубнай практыкі прымянення супрацьпраўных аднабаковых прымусовых мер.