10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас і кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза Андрэа Віктарын абмеркавалі прыярытэты Беларусі і ЕС на сесіі Генасамблеі ААН, у тым ліку работу па дасягненні Мэт устойлівага развіцця і распрацаваную ЕС рэзалюцыю аб мараторыі на пакаранне смерцю. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Субяседнікі абмяняліся думкамі аб асноўных падыходах і прыярытэтах Беларусі і Еўрапейскага саюза на 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. У ліку прыярытэтаў Андрэа Віктарын абазначыла прыняцце распрацаванай ЕС рэзалюцыі аб мараторыі на пакаранне смерцю. Папярэдняя рэзалюцыя па гэтым пытанні была прынята ў ААН два гады таму. Дакумент тады падтрымалі тры пятыя дзяржаў, супраць яго прагаласавалі 40 краін, у тым ліку ЗША, Індыя, Кітай, Японія. Беларусь пры галасаванні ўстрымалася. "Андрэй Дапкюнас адзначыў важнасць дыскусіі і распрацоўкі дакументаў Генасамблеі ААН па пытаннях смяротнай кары ў атмасферы некатэгарычнасці, паслядоўнасці і шчырай павагі да меркавання процілеглага боку", - расказалі ў міністэрстве.
Намеснік міністра ў сваю чаргу звярнуў увагу кіраўніка прадстаўніцтва ЕС на тэхнічны праект па падтрымцы намаганняў Беларусі ў нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця. Беларускі бок распрацоўвае яго пры ўдзеле органаў сістэмы ААН. Дыпламат прапанаваў разгледзець магчымасць падтрымкі Еўрапейскім саюзам гэтага праекта як важнага інструмента, што садзейнічае дасягненню Беларуссю МУР.
Андрэй Дапкюнас у якасці прыярытэтаў для Беларусі акрэсліў таксама пашырэнне ў ААН ідэі падтрымкі дзяржаў з сярэднім узроўнем даходу. Па ініцыятыве Беларусі 4 снежня ў штаб-кватэры арганізацыі ў Нью-Ёрку пройдзе сустрэча высокага ўзроўню па гэтай праблематыцы. Прадугледжваецца, што на ёй пачнецца практычная распрацоўка стратэгіі супрацоўніцтва ААН з такой катэгорыяй краін.
Бакі абмеркавалі і рэалізацыю сумеснага ўсёабдымнага плана дзеянняў адносна ядзернай праграмы Ірана. Андрэа Віктарын праінфармавала аб праведзеных у верасні ў Нью-Ёрку перагаворах па гэтай тэме і ініцыятыве па стварэнні кампаніі спецыяльнага прызначэння для аблягчэння плацяжоў, звязаных з экспартна-імпартнымі здзелкамі Ірана. Намеснік міністра Беларусі выказаў зацікаўленасць у прадаўжэнні абмену інфармацыяй.