15 чэрвеня, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Чарговы раўнд перагавораў па ўкраінскім канфлікце пройдзе ў Мінску 16 чэрвеня, паведаміў сёння журналістам генеральны сакратар АБСЕ Ламберта Заньер, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Заўтра ў Мінску адбудзецца сустрэча трохбаковай групы. Прынамсі, будуць сустракацца тры рабочыя падгрупы", - сказаў Ламберта Заньер. Пры гэтым ён не ўдакладніў, хто будзе прадстаўляць бок АБСЕ, калі ў Мінску 16 чэрвеня пройдзе пасяджэнне менавіта трохбаковай кантактнай групы.
Генеральны сакратар АБСЕ адзначыў, што працэс урэгулявання ўкраінскага канфлікту стаў больш інтэнсіўным пасля стварэння рабочых падгруп.
У сваю чаргу прэс-сакратар экс-прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы Дар'я Оліфер сёння на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы паведаміла, што ў сустрэчы трохбаковай кантактнай групы з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных ДНР і ЛНР прымуць удзел Хайдзі Тальявіні, Леанід Кучма і Азамат Кульмухаметаў. "Перад гэтай сустрэчай адбудуцца пасяджэнні трох падгруп - па бяспецы, палітычных і гуманітарных пытаннях", - дадала яна.