28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Брытанскія дэпутаты ўпэўнены ў поспеху ўмацавання міжпарламенцкіх адносін з Беларуссю. Аб гэтым сёння ішла размова на сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча з дэлегацыяй парламента Вялікабрытаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што візіт такой вялікай брытанскай дэлегацыі (у яе склад увайшлі шэсць дэпутатаў Палаты абшчын) першы ў гісторыі міжпарламенцкіх адносін дзвюх краін. Ён адкрывае новую старонку двухбаковага супрацоўніцтва, перакананы спікер.
У сваю чаргу кіраўнік міжпартыйнай групы па Беларусі парламента Вялікабрытаніі, дэпутат Джон Віцінгдэйл падкрэсліў, што брытанскія парламентарыі шчыра вераць у поспех і сэнс умацавання міжпарламенцкіх адносін з Беларуссю. Ён разлічвае, што гэты візіт дазволіць абмеркаваць розныя магчымасці супрацоўніцтва па палітычных і эканамічных пытаннях.
У час сустрэчы абмяркоўваліся магчымасці развіцця кантактаў паміж рэгіёнамі і іншыя пытанні, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Сёння ў Савеце Рэспублікі пройдзе таксама сустрэча дэлегацыі з рабочай групай Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з парламентам Вялікабрытаніі.