22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 22,2 тыс. кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравана на мясцовых выбарах у Беларусі, паведаміла сёння ў час анлайн-канферэнцыі ў БЕЛТА старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Яна нагадала, што ў якасці кандыдатаў у дэпутаты было вылучана 22 712 кандыдатаў. "Засталося на гэты момант 22 278. З ліку выбыўшых 123 чалавекі адклікалі свае кандыдатуры добраахвотна і 311 (1,37 працэнта) - гэта адмовы ў рэгістрацыі. Такая карціна на гэты момант, вядома, яна будзе змяняцца: нехта будзе ўдзельнічаць, нехта будзе адклікацца", - растлумачыла кіраўнік ЦВК.
Лідзія Ярмошына адзначыла, што большасць сельскіх акруг будуць безальтэрнатыўнымі. "Што да Саветаў самага высокага ўзроўню - абласных, то ў Брэсцкім рэгіёне сем безальтэрнатыўных акруг, або 12,3 працэнта, у Віцебскай вобласці - 22 (36,7 працэнта), Гомельскай - 3 (5 працэнтаў), Гродзенскай - 40 (66,7 працэнта). У Мінскай вобласці тры безальтэрнатыўныя акругі, што складае 5 працэнтаў, а ў Магілёўскай няма ні адной. Прычым там ёсць акругі з высокай альтэрнатывай. Сярэдні конкурс - крыху менш як тры кандыдаты на месца", - расказала яна.
У Мінску таксама няма безальтэрнатыўных акруг. У сярэднім тут на адно месца прэтэндуюць больш як чатыры чалавекі. "Калі гаварыць аб сталічных акругах, дзе больш за ўсё кандыдатаў, то самыя буйныя ў гэтым плане Акадэмічная нумар 48 Першамайскага раёна і Кальварыйская нумар 38 у Фрунзенскім раёне. Тут балаціруюцца па восем кандыдатаў. Далей ідуць Старавіленская акруга нумар 41 па Цэнтральным раёне - сем кандыдатаў. Па шэсць чалавек прэтэндуюць на дэпутацкі мандат у Пляханаўскім, Чыгуначным, Сухараўскім", - удакладніла Лідзія Ярмошына.