23 верасня, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Больш як $10,5 млн будзе накіравана Глабальным экалагічным фондам (ГЭФ) да 2018 года на рэалізацыю экалагічных праектаў у Беларусі. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам у час семінара ГЭФ пашыранага складу першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Ія Малкіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У 2014 годзе пачаўся шосты фінансавы перыяд работы Глабальнага экалагічнага фонду, які разлічаны на чатыры гады. Да 2018 года запланавана накіраваць каля $10,5 млн на рэалізацыю экалагічных праектаў у Беларусі. Мы засяродзім сваю ўвагу на трох глабальных напрамках: змяненні клімату ($8,5 млн), дэградацыі зямель ($0,5 млн) і біяразнастайнасці ($1,5 млн)", - падкрэсліла першы намеснік міністра.
Гаворачы аб канкрэтных праектах, Ія Малкіна расказала, што вялікая ўвага будзе ўдзяляцца энергаэфектыўнаму аснашчэнню беларускіх гарадоў. "У прыватнасці, ужо сёння мы вядзём перагаворы з Дзяржстандартам, каб частка гэтых сродкаў была накіравана на ўстаноўку ў гарадах энергаэфектыўнага асвятлення. Пакуль праект у стадыі прапрацоўкі. Таксама грашовыя сродкі будуць накіраваны на аднаўленне парушаных тарфянікаў. І, магчыма, частку мы накіруем на суфінансаванне праекта па нашым гідраметэацэнтры", - паведаміла яна.
Ія Малкіна адзначыла, што Беларусь стараецца больш актыўна прыцягваць крэдытныя рэсурсы, а таксама аб'ядноўваць крэдытныя і грантавыя сродкі для дасягнення максімальнага выніку. "Прыкладам такой работы з'яўляецца праект, які рэалізуецца цяпер Міністэрствам лясной гаспадаркі Беларусі. Банк выдзеліў вялікі крэдыт для развіцця лясной гаспадаркі ў краіне. Пры гэтым яшчэ $1,5 млн павінна быць атрымана ад ГЭФ для забеспячэння экалагічнага складніка", - растлумачыла яна.
Першы намеснік міністра растлумачыла, што ГЭФ разам з буйнымі праектамі вялікую ўвагу ўдзяляе і рабоце з малымі грантамі. "Толькі ў мінулым фінансавым перыядзе мы рэалізавалі больш як 125 праектаў, на якія было выдзелена больш як $10 млн. Усяго ж нам было выдзелена больш як $12 млн", - падкрэсліла Ія Малкіна. У якасці прыкладу паспяховага праекта яна прывяла праект "Абыходжанне з САЗ" (стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі. - Заўвага БЕЛТА). "Ён стаў адным з паказальных з пункту гледжання асваення і эфектыўнага выкарыстання сродкаў Сусветнага банка, а таксама дасягнення вынікаў (асваенне сродкаў па праекце склала 99,94 працэнта ад сумы выдзеленага гранта $5,5 млн). Цяпер работа прадаўжаецца ўжо сумесна з ФАО", - паведаміла Ія Малкіна.
Сёння ў Мінску праходзіць семінар ГЭФ пашыранага складу, у якім прымаюць удзел прадстаўнікі Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана, Арменіі, Швейцарыі і Расіі. Удзел у ім таксама прымаюць прадстаўнікі сакратарыята ГЭФ, міжнародныя арганізацыі, якія з'яўляюцца выканаўчымі агенцтвамі ГЭФ (ПРААН, ЮНІДА, ЮНЕП, ФАО, СБ), сакратарыяты канвенцый ГЭФ. Семінар накіраваны на інфармаванне нацыянальных каардынатараў ГЭФ, каардынатараў канвенцый і іншых зацікаўленых бакоў аб стратэгіях, прыярытэтах, правілах і працэдурах ГЭФ. Адным з галоўных пытанняў, якое абмяркоўваецца ў Мінску, з'яўляюцца новыя напрамкі работы ГЭФ да 2020 года.
ГЭФ - буйная крыніца фінансавання праектаў, накіраваных на паляпшэнне стану глабальнага навакольнага асяроддзя: за гэты час ён выдзеліў $9,2 млрд з уласных сродкаў і прыцягнуў больш як $40 млрд у парадку сумеснага фінансавання. На гэтыя сродкі было рэалізавана 2,7 тыс. праектаў больш як у 165 краінах, якія сталі на шлях развіцця, і краінах з пераходнай эканомікай. Фонд быў заснаваны ў 1991 годзе.