4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пад прыкрыццём Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) Захад спрабуе апраўдаць санкцыі і тэрарыстычную дзейнасць супраць Беларусі. Аб гэтым заявіла пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская ў час выступлення на сесіі СПЧ у сувязі з разглядам ініцыяванай ЕС рэзалюцыі адносна Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
"Матывы вылучэння прапанаванай да разгляду рэзалюцыі па Беларусі на цяперашняй сесіі СПЧ, як і два гады таму, менш за ўсё звязаны з правамі чалавека ў маёй краіне. За гэтай рэзалюцыяй стаяць геапалітычныя інтарэсы асобных дзяржаў, якія спрабавалі выкарыстаць выбарчую кампанію 2020 года для распальвання антыўрадавых пратэстаў, падрыву дзяржавы і ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі", - звярнула ўвагу Ларыса Бельская.
Яна падкрэсліла, што рэзалюцыя - гэта рэванш за правал каляровай рэвалюцыі ў Беларусі, спроба апраўдаць пад прыкрыццём СПЧ ААН незаконныя санкцыі супраць Беларусі і яе народа і падтрымку Захадам экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, накіраванай на знішчэнне беларускай дзяржавы.
"Ні адзін міжнародны дагавор не дае права ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы пад выглядам правоў чалавека. Ніхто не валодае патэнтам на дэмакратыю. За межамі Захаду ёсць дзяржавы намнога больш справядлівыя, чым заходнія. У маёй краіне забяспечаны ўсе базавыя правы чалавека: права на жыццё і бяспеку, права на бясплатныя і даступныя адукацыю, медыцыну, на працу і абарону ў выпадку хваробы. Беларуская дзяржава ў аснову ставіць захаванне суверэнітэту і незалежнасці, імкненне да захавання міру, стварэнне на карысць будучыні і сацыяльную справядлівасць. Гэта, як сказаў Прэзідэнт Лукашэнка ў Пасланні народу і Нацыянальнаму сходу, - нашы дэмакратычныя каштоўнасці. І мы будзем прадаўжаць іх адстойваць", - заявіла дыпламат.
Ларыса Бельская адзначыла, што Беларусь паважае свае міжнародныя абавязацельствы ў сферы правоў чалавека і прызнае важнасць міжнародных механізмаў назірання за станам спраў у сферы правоў чалавека ў свеце. "Але такія механізмы абавязаны быць аб'ектыўнымі, нявыбарачнымі і цвёрда захоўваць палажэнні міжнародных дагавораў, - дадала яна. - Многія ўрады краін - ініцыятараў і суаўтараў рэзалюцыі - далёка не ўзор у пытаннях правоў чалавека. Безумоўна, падзеі апошніх гадоў у асобных краінах Паўночнай Амерыкі і Еўропы з сілавым падаўленнем пратэстаў насельніцтва супраць сацыяльнай і эканамічнай палітыкі, скандалаў вакол выбараў і судовага праследавання апанентаў, на фоне злачынстваў на расавай глебе, знішчэння карэнных народаў і іншых "узораў сапраўднай дэмакратыі", заслугоўваюць аб'ектыўнага расследавання і прыцягнення да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека. Можа, аднойчы справядлівасць пераможа і адпаведныя пытанні ў СПЧ будуць разгледжаны і рашэнні прыняты".
Кіраўнік беларускай дыпмісіі са шкадаваннем канстатавала, што цяпер на фоне геапалітычнага крызісу, які набірае абароты, і вайны ў Еўропе заходнія краіны актыўна маніпулююць праваабарончай сістэмай, клапоцячыся аб сваіх інтарэсах. Шматразова ўзмоцнены націск на дзяржавы, якія сталі на шлях развіцця, каб прымусіць іх заняць нібы "правільны бок" гісторыі і абараняць "квітнеючы сад" Захаду ад пагражальных яму "джунгляў" астатняга свету.
"Краінавыя рэзалюцыі ў Савеце супраць Беларусі, як і шэрага іншых дзяржаў, выкарыстоўваюцца як інструмент заходняй палітыкі. У гэтай парадыгме любая дзяржава - член ААН можа стаць аб'ектам націску і праследавання толькі па прычыне прыходу да ўлады непажаданага для Захаду нацыянальнага лідара і правядзення незалежнай знешняй палітыкі. Беларусь адхіляе праект рэзалюцыі. Ён не аб правах чалавека, гэта зброя ў гібрыднай вайне супраць маёй краіны. Размешчаныя ў ім палажэнні парушаюць Статут ААН і шэраг ключавых рашэнняў Генеральнай Асамблеі ААН", - звярнула ўвагу Ларыса Бельская.