Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

1 Лют 2021

"Белавія" адкрывае новы напрамак Мінск - Дубай - Мінск


Фота з архiва

1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Авіякампанія "Белавія" з 19 лютага запускае рэгулярныя прамыя рэйсы па маршруце Мінск - Дубай - Мінск, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе авіяперавозчыка.

Палёты са сталіцы Беларусі ў Міжнародны аэрапорт Дубай (DXB) будуць выконвацца два разы на тыдзень: па аўторках (вылет у 19.50; прыбыццё ў сераду, у 2.30) і па пятніцах (вылет у 16.15; прыбыццё ў 22.55). Рэйсы з Дубая ў Нацыянальны аэрапорт Мінск (MSQ) плануюцца па серадах (вылет у 3.30; прылёт у 8.40) і па пятніцах (вылет у 23.55; прылёт у суботу, у 5.05). Час для ўсіх аэрапортаў пазначаны мясцовы.

Мінімальны кошт авіябілетаў у адзін бок складзе ад 216 еўра (тарыф LIGHT - без багажу), уключаючы таксы і зборы, і ад 375 еўра (тарыф LIGHT - без багажу) - туды і назад. Білеты ўжо ў продажы.

Пасажыры, якія ляцяць у Дубай, адправяцца на новым авіялайнеры Embraer 195-E2. Гэты тып самалёта можа пераадольваць далёкія адлегласці і перавозіць 125 пасажыраў у двухкласавай кампаноўцы: дзевяць месцаў у салоне бізнес-класа, 116 - у эканомкласе. Флот "Белавія" папоўніўся новым самалётам 23 снежня 2020 года. Авіякампанія стала сёмай у свеце, якая лятае на паветраных суднах Embraer другога пакалення. У сакавіку і красавіку чакаецца пастаўка яшчэ двух новых самалётаў гэтага тыпу. Пры павелічэнні пасажырапатоку рэйсы, якія накіроўваюцца ў Дубай, могуць выконвацца на Boeing 737-800, разлічаным на 189 пасажыраў.

"Адкрыццё новага напрамку пасля складанага 2020 года - важны крок для авіякампаніі. Можна сказаць, што гэта глыток свежага паветра і надзея на хуткае аднаўленне рэгулярных авіязносін па ўсіх маршрутах карты палётаў "Белавія". Магчымасць адкрыцця рэгулярных рэйсаў у Дубай абмяркоўвалася даўно, але стала рэальнай толькі цяпер у многім дзякуючы зладжанай рабоце калектыву і, вядома, мадэрнізацыі флоту. Спадзяёмся, беларускія тураператары аддадуць перавагу камфортным рэйсам без перасадак. Таксама мы разлічваем, што прамыя рэйсы дапамогуць уязному турызму ў Беларусь і пасадзейнічаюць павелічэнню колькасці турыстаў з ААЭ", - адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці "Белавія" Ігар Чаргінец.

Пры рэгістрацыі на рэйс і пасля прыбыцця ў Дубай пасажырам неабходна будзе прад'явіць даведку з адмоўным вынікам ПЛР-тэста на англійскай або арабскай мове, атрыманую не раней за 72 гадзіны да вылету. Пасля прылёту пасажыры абавязаны прад'явіць медыцынскую страхоўку на ўвесь перыяд знаходжання ў ААЭ, якая пакрывае расходы на лячэнне ад каранавіруснай інфекцыі, запоўніць анкету аб стане здароўя. Некаторых пасажыраў могуць папрасіць здаць ПЛР-тэст у аэрапорце пасля прылёту ў Дубай і прайсці самаізаляцыю да атрымання вынікаў тэста. Усе пасажыры, якія прыбываюць у Дубай, павінны ўстанавіць мабільны дадатак COVID-19-DXB Smart App.

У "Белавія" нагадваюць: з 16 студзеня грамадзяне Беларусі могуць уязджаць, выязджаць і перамяшчацца транзітам праз тэрыторыю ААЭ, а таксама знаходзіцца на тэрыторыі ААЭ без віз (не больш за 90 дзён з даты ўезду). Такія ж умовы дзейнічаюць і для грамадзян ААЭ на тэрыторыі Беларусі.

Дубай прыцягвае турыстаў з усяго свету не толькі цёплым кліматам, але і сваімі выдатнымі мясцінамі: небаскробам Бурдж-Халіфа вышынёй 828 м, самым вялікім у свеце спяваючым фантанам і гандлёвым цэнтрам Dubai Mall, дзе можна знайсці больш за 1 тыс. магазінаў і ўстаноў.

Авіякампанія "Белавія" - буйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Створана 5 сакавіка 1996 года. З 1997 года з'яўляецца дзеючым членам Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA), з 2010-га - членам Асацыяцыі еўрапейскіх рэгіянальных авіякампаній (ERAA).

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі