2 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. В'етнам спрашчае візавы рэжым для грамадзян Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага МЗС са спасылкай на рашэнне в'етнамскага ўрада.
"З 1 ліпеня 2015 года грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія прыбываюць у В'етнам на тэрмін да 15 дзён, вызвалены ад неабходнасці атрымання віз, незалежна ад тыпу пашпарта і мэты візіту. Бязвізавы рэжым уезду пры кароткатэрміновых паездках беларускіх грамадзян устанаўліваецца на 5 гадоў, па 30 чэрвеня 2020 года. Пры гэтым заканадаўства В'етнама прадугледжвае магчымасць далейшага прадаўжэння гэтага рашэння", - адзначылі ў прэс-службе.
Абмеркаванне магчымасці спрашчэння візавага рэжыму вялося бакамі некалькі апошніх гадоў паралельна з перагаворамі аб падпісанні Пагаднення аб свабодным гандлі. "Разумеючы, што развіццё гандлёва-эканамічных адносін у рамках ствараемай зоны свабоднага гандлю будзе цяжкадасягальным без узаемнага аблягчэння перамяшчэння прадстаўнікоў дзелавых колаў, яшчэ ў снежні 2014 года беларускі бок у аднабаковым парадку спрасціў працэдуру атрымання ўязных віз грамадзянамі В'етнама, - паведамілі ў МЗС. - Пытанне аб кроку ў адказ узнімалася на сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова з прэм'ер-міністрам В'етнама Нгуен Тан Зунгам у маі 2015 года ў Казахстане непасрэдна ў рамках падпісання Пагаднення аб свабодным гандлі паміж дзяржавамі - членамі Еўразійскага эканамічнага саюза і Сацыялістычнай Рэспублікай В'етнам".
Беларускі бок высока ацэньвае такое аператыўнае прыняцце ўрадам В'етнама адпаведнага рашэння, дзякуючы якому ўжо з 1 ліпеня бягучага года пры кароткатэрміновых паездках грамадзян Беларусі ў В'етнам візы не спатрэбяцца. Прынятыя Беларуссю і В'етнамам рашэнні па аблягчэнні ўзаемных паездак грамадзян поўнасцю адпавядаюць інтарэсам дзвюх краін, паколькі будуць садзейнічаць актывізацыі дзелавых кантактаў і партнёрскіх сувязей, упэўнены ў Міністэрстве замежных спраў.
У каментарыі прэс-службы МЗС таксама гаворыцца: "Той факт, што Беларусь з'яўляецца адной з нямногіх краін, адносна грамадзян якой урадам В'етнама прынята рашэнне аб аднабаковым прымяненні бязвізавага рэжыму пры паездках да 15 дзён, і першай краінай, якая атрымала такую прывілею ў адпаведнасці з новым в'етнамскім заканадаўствам, яшчэ раз пацвярджае дружалюбныя адносіны паміж Беларуссю і В'етнамам".
Патрабаванне аб наяўнасці візы пры ўездзе ў В'етнам па любых падставах на тэрмін да 15 дзён адменена ў аднабаковым парадку па рашэнні ўрада В'етнама для грамадзян Рэспублікі Карэя, Японіі (2004 год), Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі (2005 год), Расійскай Федэрацыі (2009 год). Такія рашэнні прымаліся ў якасці эксперымента, аднак з 1 студзеня гэтага года паўнамоцтвы ўрада В'етнама на прыняцце рашэнняў аб аднабаковым увядзенні В'етнамам бязвізавага рэжыму адносна грамадзян іншай краіны былі замацаваны на заканадаўчым узроўні.