25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Законапраект "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год" плануецца разгледзець на трэцяй сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага склікання, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента.
Законапраекты, якія плануецца разгледзець на асенняй сесіі, абмяркоўваліся 25 верасня на пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі, якое прайшло пад старшынствам спікера Міхаіла Мясніковіча. Усяго на асенняй сесіі плануецца разгледзець больш за 30 законапраектаў. "Найбольш актуальныя з іх - "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год", "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Беларусі па пытаннях падаткаабкладання і бухгалтарскага ўліку", "Аб нарматыўных прававых актах Беларусі", папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях патэнтаў на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры", - праінфармавалі ў прэс-службе. Сенатары плануюць разгледзець таксама законапраект аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у закон аб фізічнай культуры і спорце, папраўкі ў закон аб барацьбе з тэрарызмам і іншыя дакументы.
У ходзе пасяджэння Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ў законапраектах павінны пераважна змяшчацца нормы прамога дзеяння. На думку старшыні Савета Рэспублікі, неабходна таксама шырэй прыцягваць да работы экспертаў і спецыялістаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, навуковых устаноў, суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, практыкаваць накіраванне законапраектаў для абмеркавання ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Па выніках пасяджэння пастаянным камісіям Савета Рэспублікі рэкамендавана максімальна выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы законапраектаў розныя формы і метады работы, сярод якіх правядзенне круглых сталоў, семінараў, кансультацый.
Як паведамлялася, асенняя сесія ў беларускім парламенце адкрыецца 2 кастрычніка.