13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёння на пасяджэнні ратыфікавалі два міжурадавыя пагадненні - з Балгарыяй і Арменіяй - аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Арменіі падпісана ў Мінску 10 кастрычніка 2014 года. Дакумент распрацаваны ў мэтах забеспячэння абароны дзяржаўных сакрэтаў Беларусі і (або) дзяржаўных і службовых сакрэтаў Арменіі, якія выкарыстоўваюцца ў ходзе знешнепалітычнага, ваеннага, эканамічнага, навукова-тэхнічнага і іншага двухбаковага ўзаемадзеяння. Яго рэалізацыя будзе садзейнічаць умацаванню дружалюбных адносін і развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
Міжурадавае пагадненне з Балгарыяй падпісана ў Мінску 20 лістапада 2014 года. Яно распрацавана ў мэтах стварэння прававой асновы для ўзаемнага забеспячэння абароны дзяржаўных сакрэтаў Беларусі і класіфікаванай інфармацыі Балгарыі, неабходнасць у перадачы якіх можа ўзнікнуць у бакоў. Яго практычная рэалізацыя будзе садзейнічаць развіццю ўзаемавыгаднага палітычнага, ваеннага, эканамічнага, навукова-тэхнічнага і іншага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Балгарыяй.