14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ўдзел у кансультацыях рэгіянальнага офіса Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) для краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі "Парламентарыі для дзяцей" у рэжыме відэа-канферэнц-сувязі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь даўно супрацоўнічае з ЮНІСЕФ. Асноўны напрамак - гэта абарона дзяцей: менавіта на заканадаўчым узроўні абараніць іх правы і як парламентарыі працуюць у гэтым напрамку, - расказаў член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Таўтын. - Трэба сказаць, што Маладзёжны парламент пры Нацыянальным сходзе актыўна ўдзельнічае ў заканатворчай дзейнасці. Сёння гэта моладзь, а заўтра - ужо дарослыя людзі, якія будуць будаваць будучыню Рэспублікі Беларусь. І менавіта на іх таксама накіравана гэта работа".
Рэгіянальныя анлайн-кансультацыі "Парламентарыі для дзяцей" арганізаваны рэгіянальным офісам ЮНІСЕФ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі ў мэтах умацавання і пашырэння існуючага партнёрства з членамі нацыянальных і міжнародных парламенцкіх асамблей у рэгіёне, а таксама садзейнічання абмену перадавым вопытам у пытаннях абароны правоў дзяцей.
"Дзеці - гэта тая частка насельніцтва, якая яшчэ не да канца ўсведамляе тое, што ёй навязваюць, прымушаюць нешта зрабіць. Таму абараняць дзяцей трэба і ад гаджэтаў у першую чаргу, і ад таго, што сёння выкладаецца ў інтэрнэт. І нават ад замахаў на незалежнасць Рэспублікі Беларусь трэба абараніць маладое пакаленне, паказваць ім правільны напрамак сённяшняй дзейнасці нашай рэспублікі", - дадаў дэпутат.