3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дэпутаты сёння на пасяджэнні прынялі ў першым чытанні праект Кодэкса аб культуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дакумент складаецца з агульнай і спецыяльнай частак, 5 раздзелаў, 257 артыкулаў. Ён прадугледжвае комплекснае і сістэмнае рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы культуры, якая прадстаўлена адзінаццаццю напрамкамі культурнай дзейнасці. Такое рэгуляванне лепш за ўсё забяспечваецца адным заканадаўчым актам, а не некалькімі дзясяткамі. Так, у праект кодэкса ўключаны нормы больш за 60 нарматыўных прававых актаў рознай юрыдычнай сілы, з якіх 7 законаў, 4 указы Прэзідэнта, амаль 20 пастаноў урада і каля 30 нарматыўных прававых актаў Міністэрства культуры, якія на практыцы паказалі сваю эфектыўнасць.
Як адзначыла, прадстаўляючы праект кодэкса, першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, аналага гэтаму дакументу пакуль няма ў свеце.
У прыватнасці, як асобныя суб'екты культурнай дзейнасці ўпершыню заканадаўча замацаваны спонсары культуры (юрыдычныя асобы, якія падтрымліваюць гэту сферу ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта), а таксама мецэнаты культуры (фізічныя асобы, якія робяць ахвяраванні). "Такім чынам, дабрачынная дзейнасць у сферы культуры атрымлівае заканадаўчую падтрымку", - адзначыла Ірына Дрыга.
Паводле яе слоў, у праект кодэкса ўведзена паняцце дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры. Пашырана роля грамадскіх аб'яднанняў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны - напрыклад, прадугледжана стварэнне грамадскіх наглядальных камісій па ахове такой спадчыны пры Міністэрстве культуры і пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах.
Акрамя іншага, у дакуменце знайшлі адлюстраванне пытанні ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа ў мэтах захавання іх нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці.
Упершыню на заканадаўчым узроўні замацоўваецца пытанне аховы археалагічнай спадчыны. "Так, вызначана, што археалагічныя даследаванні могуць ажыццяўляцца толькі на падставе дазволу, атрыманага ад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, абазначана, якія арганізацыі і якія спецыялісты ў гэтых арганізацыях могуць займацца такімі даследаваннямі. Прапісана, што артэфакты, якія знойдзены прафесіянальна або выпадкова, абавязкова падлягаюць перадачы ў дзяржаўную ўласнасць. Грамадскі абарот такіх артэфактаў абмежаваны, каб так званыя чорныя капальнікі не ўтойвалі і не выносілі на чорны рынак аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны", - заўважыла Ірына Дрыга.
Першы намеснік міністра таксама дадала, што ў Беларусі фільмы ў кінапракаце будуць ранжыраваны па ўзроставых катэгорыях (ад 0 да 18+).