7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія і расійскія палярнікі будуць пашыраць супрацоўніцтва. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук па выніках візіту прадстаўнікоў ФДБУ "Інстытут Арктыкі і Антарктыкі" Расгідрамета.
У складзе дэлегацыі - саветнік дырэктара па міжнародным супрацоўніцтве ФДБУ "Інстытут Арктыкі і Антарктыкі" Расгідрамета Аляксандр Клепікаў, начальнік Расійскай антарктычнай экспедыцыі (РАЭ) інстытута Павел Лунеў, галоўны спецыяліст лагістычнага цэнтра РАЭ Андрэй Міракін. Мэтай візіту быў разгляд ходу выканання ў 2022-2023 гадах плана мерапрыемстваў па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы паміж урадамі Беларусі і Расіі. Былі абмеркаваны планы навуковага і лагістычнага супрацоўніцтва на 2023-2024 гады. У цэнтры ўвагі таксама быў разгляд пытанняў, звязаных з правядзеннем 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі.
Расійскія госці правялі перагаворы з намеснікам старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксандрам Кільчэўскім, прынялі ўдзел у рабоце пашыранага пасяджэння міжведамаснай камісіі Беларусі па пытаннях Антарктыкі і пасяджэнні двухбаковай рабочай групы па абмеркаванні вынікаў рэалізацыі ў 2022-2023 гадах палажэнняў пагаднення з Расіяй аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы. Былі разгледжаны лагістычныя пытанні па дастаўцы грузаў і членаў Беларускай антарктычнай экспедыцыі ў сезоне 2023-2024 гадоў.
Беларускія вучоныя выказалі ўдзячнасць расійскім калегам за пастаянную дапамогу і расказалі аб планах адпраўкі ў лістападзе бягучага года чарговай антарктычнай экспедыцыі, далейшым развіцці беларускай станцыі, навуковым напаўненні новых праграм. У сваю чаргу расійскія калегі выказалі намер і ў далейшым падтрымліваць беларускі бок у вывучэнні лядовага кантынента, аж да пераходу да круглагадовых зімовак.
Госці таксама наведалі пастаянна дзеючую выстаўку НАН "Дасягненні навукі - вытворчасці", дзе іх зацікавілі многія распрацоўкі беларускіх вучоных. Сярод іх - асаблівыя пластыкі, якія ахоўваюць ад ультрафіялетавага выпрамянення, тэхналогіі ачысткі ад забруджванняў тэрыторый, методыкі метэаралагічнага прагназавання. Усё гэта можа быць карысна ў даследаванні Антарктыкі.