2 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларуская рэзалюцыя па забароне новых відаў зброі масавага знішчэння атрымала падтрымку ў ААН, паведамілі ў прэс-службе МЗС.
Так, па ініцыятыве Беларусі Першы камітэт 72-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН прыняў абсалютнай большасцю галасоў (173 галасы "за" пры адсутнасці тых, хто ўстрымаўся, і трох галасах "супраць") рэзалюцыю "Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі: даклад Канферэнцыі па раззбраенні".
Беларусь рэгулярна (на трохгадовай аснове) уносіць гэты дакумент на разгляд Першага камітэта ГА ААН. Рэзалюцыя накіравана на пашырэнне ідэі прадухілення гонкі ўзбраенняў і ўдасканаленне міжнародна прызнаных працэдур, якія даюць магчымасць адсочваць сітуацыю з магчымай распрацоўкай новых відаў зброі масавага знішчэння.
Адобраны дакумент адлюстроўвае прыхільнасць дзяржаў - членаў ААН да палітыкі прадухілення з'яўлення новых відаў зброі масавага знішчэння і прадугледжвае прыняцце адпаведнага механізму рэагавання з прыцягненнем патэнцыялу Канферэнцыі ААН па раззбраенні.
Суаўтарамі беларускай рэзалюцыі выступілі 35 дзяржаў свету, якія прадстаўляюць рэгіёны Еўропы, Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі, што сведчыць аб шырокім міжнародным адабрэнні ініцыятыў Беларусі ў сферы бяспекі, раззбраення і нераспаўсюджвання.