8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская рэзалюцыя аб лічбавай эканоміцы атрымала падтрымку Пастаяннага камітэта Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ) і ўключана ў парадак дня 27-й сесіі ПА АБСЕ ў Берліне, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Дэлегацыя Беларусі прымае ўдзел у рабоце 27-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ, якая праходзіць у Берліне 7-11 ліпеня. З прывітальным словам да членаў асамблеі звярнуліся старшыня Бундэстага ФРГ Вольфганг Шойбле, віцэ-канцлер і федэральны міністр фінансаў Олаф Шольц, намеснік міністра замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва, прадстаўнік дзеючага старшыні АБСЕ Гульельма Пічы.
Напярэдадні 7 ліпеня парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком прыняла ўдзел у пасяджэнні Пастаяннага камітэта ПА АБСЕ. У час пасяджэння быў зацверджаны склад трох агульных камітэтаў і прыняты бюджэт асамблеі на 2018-2019 фінансавы год. Таксама было прынята рашэнне па ўключэнні дадатковых праектаў рэзалюцый ПА АБСЕ у парадак дня 27-й штогадовай сесіі арганізацыі. Ініцыіраваны беларускімі парламентарыямі праект рэзалюцыі "Пашырэнне лічбавай эканомікі ў інтарэсах забеспячэння эканамічнага росту на прасторы АБСЕ" атрымаў аднагалосную падтрымку членаў Пастаяннага камітэта ПА АБСЕ і быў уключаны ў парадак дня сесіі.
Акрамя таго, адбыліся выступленні старшыні ПА АБСЕ Георгія Цэрэтэлі, генеральнага сакратара ПА АБСЕ Раберта Мантэлы, кіраўнікоў спецыяльных камітэтаў і спецыяльных прадстаўнікоў ПА АБСЕ, заслуханы справаздачы місій ПА АБСЕ па назіранні за выбарамі ў Азербайджане, Расіі і Турцыі, а таксама прадстаўлена інфармацыя аб падрыхтоўцы маючых адбыцца пасяджэнняў арганізацыі ў 2018-2019 гадах, якія пройдуць у Кыргызстане, Люксембургу і Марока.