19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком 20-22 лютага прыме ўдзел у сустрэчы Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ і ў зімовым пасяджэнні ПА АБСЕ ў Вене. Аб гэтым віцэ-спікер паведаміў карэспандэнту БЕЛТА.
Парламентарыяў чакае насычаная рабочая праграма. Так, Баляслаў Пірштук на пасяджэнні Групы падтрымкі Шаўковага шляху праінфармуе аб фармаце і праграме яе канферэнцыі, якая пройдзе ў Мінску 29-30 красавіка. Беларускія парламентарыі таксама прымуць удзел у прэзентацыі, якую арганізуюць аўстрыйскія калегі па тэматыцы дзейнасці групы.
У час зімовай сесіі прадстаўнікі Беларусі прымуць удзел у пасяджэнні Пастаяннага камітэта, дзе будуць абмяркоўвацца арганізацыйныя і працэдурныя пытанні, у тым ліку папраўкі ў статут і рэгламент арганізацыі.
Парламентарыі выступяць на пасяджэннях камітэтаў па палітычных пытаннях і бяспецы, па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі. У рабоце апошняга прыме ўдзел віцэ-спікер. Баляслаў Пірштук раскажа аб намаганнях Беларусі па развіцці лічбавай эканомікі. Акрамя таго, ён прадставіць падыходы краіны да падрыхтоўкі чарговай рэзалюцыі, якую Беларусь плануе прадставіць на летняй сесіі ПА АБСЕ ў Люксембургу. Віцэ-спікер адзначыў, што рэзалюцыя будзе эканамічнага, інавацыйнага, тэхналагічнага характару, паколькі беларускі бок зацікаўлены ў прыцягненні ў эканоміку лепшых еўрапейскіх тэхналогій. "Прадставім свае накіды, вывучым настрой калег, падтрымкай якіх плануем заручыцца", - растлумачыў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў.
У час пасяджэння камітэта па палітычных пытаннях парламентарыі яшчэ раз абазначаць прыхільнасць Беларусі да каштоўнасцей міру і бяспекі, яе гатоўнасць і далей служыць мірнай перагаворнай пляцоўкай, мостам паміж Усходам і Захадам.
Акрамя таго, на палях ПА АБСЕ адбудзецца сустрэча кіраўнікоў і членаў парламентаў краін АДКБ. Паводле слоў Баляслава Пірштука, плануецца скаардынаваць свае дзеянні, абмеркаваць стратэгію работы ў 2019 годзе. Ён дадаў, што парламентарыі краін АДКБ дэманструюць поўнае ўзаемаразуменне па пераважнай большасці пытанняў.
Баляслаў Пірштук бачыць пазітыўную дынаміку ў развіцці супрацоўніцтва з ПА АБСЕ. "Парламенцкая дэлегацыя стала пазнаваемай - гэта меркаванне падзяляюць калегі, у тым ліку кіраўніцтва асамблеі. У цэлым імідж Беларусі ўмацаваўся ў першую чаргу дзякуючы актыўнай пазіцыі кіраўніка дзяржавы", - падкрэсліў віцэ-спікер.
Задача парламента, на яго думку, у тым, каб фарміраваць на такіх пляцоўках, як ПА АБСЕ, спрыяльнае поле для развіцця супрацоўніцтва ў эканоміцы, прыходу інвестараў, умацавання палітычных кантактаў. У многім будзе мець іміджавы характар і маючая адбыцца канферэнцыя Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ. Мінск мае намер прадэманстраваць патэнцыял краіны, паказаць адкрытасць да дыялогу і прыхільнасць да еўрапейскіх каштоўнасцей. Перш за ўсё беларускі бок цікавяць інавацыі і тэхналогіі, якія могуць умацаваць эканоміку, дадаў Баляслаў Пірштук.
Намаганні Беларусі ў ПА АБСЕ і на міжнароднай арэне не застаюцца незаўважанымі. Аб гэтым сведчыць і той факт, што ў Мінску праводзіцца вялікая колькасць знакавых мерапрыемстваў, у ліку якіх, напрыклад, Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы. Падрыхтаваныя краінай рэзалюцыі (па барацьбе з наркотыкамі, з гандлем людзьмі, па развіцці лічбавай эканомікі) былі падтрыманы партнёрамі ПА АБСЕ як актуальныя і сугучныя з іх праблемамі. Актыўна развіваюцца і міжпарламенцкія кантакты. Баляслаў Пірштук звярнуў увагу, што ў пачатку работы шостага склікання ў Нацыянальным сходзе было прыкладна 35-37 груп дружбы. Сёння іх каля 80. Падвоілася таксама і колькасць візітаў замежных парламенцкіх дэлегацый, што сведчыць аб росце цікавасці да супрацоўніцтва з Беларуссю.