12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па запрашэнні Дзярждэпартамента ЗША ў Вашынгтоне з 6 па 10 снежня знаходзілася эканамічная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь высокага ўзроўню, паведамілі БЕЛТА ў МЗС Беларусі.
У склад дэлегацыі ўвайшлі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Мікалай Снапкоў, памочнік Прэзідэнта Беларусі Усевалад Янчэўскі, прадстаўнікі кіраўніцтва Нацыянальнага банка, Мінфіна, Мінэканомікі, іншых міністэрстваў і ведамстваў.
Беларуская дэлегацыя правяла перагаворы ў шэрагу ключавых урадавых агенцтваў ЗША: Дзярждэпартаменце, Міністэрстве гандлю, Офісе гандлёвага прадстаўніка ЗША, Федэральнай камісіі сувязі, Міністэрстве сельскай гаспадаркі, Агенцтве міжнароднага развіцця ЗША (USAID).
Абмеркаваны канкрэтныя пытанні эканамічнага і гандлёва-інвестыцыйнага супрацоўніцтва дзвюх краін, дасягнуты прынцыповыя дамоўленасці аб актывізацыі ўзаемадзеяння дзвюх краін у сферах фінансаў і інвестыцый, высокіх тэхналогій, сельскай гаспадаркі і энергетыкі.
Акрамя таго, адбыліся рабочыя сустрэчы з кіраўніцтвам Асацыяцыі прыватнага інвесціравання на рынках, якія развіваюцца, буйнейшых амерыканскіх карпарацый Microsoft, AGCO, Case New Holland і іншых. Абмеркаваны канкрэтныя інвестыцыйныя праекты для рэалізацыі ў Беларусі.
У рамках візіту праведзены перагаворы з намеснікам дырэктара - распарадчыка МВФ Міцухіра Фурусава па пытаннях падрыхтоўкі праграмы МВФ для Беларусі.
Беларуская дэлегацыя наведала тэхналагічны цэнтр карпарацыі Microsoft і правяла перагаворы па падрыхтоўцы пагаднення аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж Microsoft і Беларуссю. У рамках гэтага пагаднення плануецца рэалізацыя шэрага праектаў па ўкараненні найноўшых тэхналагічных рашэнняў у сферах аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, лагістыкі і сістэм кіравання.
Сустрэчы паказалі гатоўнасць бакоў да пераходу амерыкана-беларускіх адносін у сферы эканомікі і інвестыцый на новы, больш высокі ўзровень. Намечаны практычныя захады па ператварэнні дасягнутых дамоўленасцей у жыццё.-