3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сталіцы Узбекістана 2 лістапада пачаў работу рэгіянальны форум кіраўнікоў нацыянальных алімпійскіх камітэтаў краін СНД, Балтыі і Грузіі, паведамілі БЕЛТА ў НАК Беларусі.
Беларуская дэлегацыя на чале з прэзідэнтам НАК Віктарам Лукашэнкам, а таксама генеральным сакратаром НАК Палінай Галавіной прыняла ўдзел у пленарным пасяджэнні форуму, на якім кіраўнікі алімпійскіх камітэтаў абмяняліся вопытам па пытаннях развіцця алімпійскага руху.
У Ташкенце прадстаўлены праекты маштабных мерапрыемстваў і значных спаборніцтваў, якія ўжо адбыліся, а таксама будуць арганізаваны ў бліжэйшы час у краінах - удзельніцах гэтага форуму.
Генеральны сакратар НАК Беларусі Паліна Галавіна ў рамках праведзенай прэзентацыі падзялілася з удзельнікамі форуму вопытам работы па арганізацыі культурна-спартыўнага фестывалю "Вытокі. Крок да Алімпу", які прайшоў у 2021 годзе ў 7 гарадах Беларусі: у Лідзе, Оршы, Кобрыне, Мазыры, Бабруйску, Салігорску і Мінску.
Нагадаем, што праект складаўся з комплексу спартыўных, культурных, сямейных, мастацка-тэматычных мерапрыемстваў, якія выконваюць асноўную задачу - стварэнне адзінай сацыяльна-адукацыйнай прасторы, а таксама аб'яднанне людзей розных інтарэсаў і ўзростаў.
Пасля завяршэння тэарэтычнай часткі форуму афіцыйныя дэлегацыі наведалі штаб-кватэру НАК Узбекістана, дзе для ўдзельнікаў была арганізавана аглядная экскурсія.