7 ліпеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларуская дэлегацыя на чале з саветнікам упраўлення міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатолем Бугрэнкам прыняла ўдзел у кансультацыях паміж міністэрствамі замежных спраў на тэму "Аб супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД у процідзеянні новым выклікам і пагрозам, у тым ліку па афганскай праблематыцы", што адбыліся сёння ў аддзяленні Выканаўчага камітэта СНД у Маскве, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.
"Разгледжаны шырокі спектр пытанняў, што датычацца антытэрарыстычнага і антынаркатычнага супрацоўніцтва, процідзеяння адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму, забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі", - праінфармавалі ў прэс-службе.
У ходзе мерапрыемства пацверджаны цвёрды намер паступальна развіваць узаемадзеянне на профільных шматбаковых пляцоўках у сферы прадухілення новых выклікаў і пагроз. Падкрэслена цэнтральная каардынуючая роля ААН у процідзеянні тэрарызму і іншым сучасным пагрозам. Адзначана, што міжнароднае супрацоўніцтва ў гэтай галіне павінна ажыццяўляцца без палітызацыі і двайных стандартаў. Акцэнтавана важнасць усеабдымнага выканання Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН і профільных рэзалюцый Савета Бяспекі.
Адзначана таксама неабходнасць фарміравання агульных падыходаў па вырашэнні праблемы "іншаземных тэрарыстаў-баевікоў", а таксама прыняцці комплексных мер па процідзеянні насільнаму экстрэмізму і радыкалізацыі грамадскіх настрояў.
"Удзельнікі кансультацый дамовіліся нарошчваць узаемадзеянне ў галіне забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі, - паведамілі ў прэс-службе. - Адначасова пацвердзілі гатоўнасць дзяржаў - удзельніц СНД у каардынацыі пазіцый у ходзе падрыхтоўкі і правядзення спецыяльнай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН па сусветнай праблеме наркотыкаў у 2016 годзе".
Удзельнікі таксама адзначылі паспяховае супрацоўніцтва па процідзеянні адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму.