27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь запрошана на пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў ШАС, якое пройдзе ў Ташкенце ў чэрвені. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС па выніках сённяшняй сустрэчы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з генеральным сакратаром ШАС Рашыдам Алімавым.
Генеральны сакратар ШАС у час сустрэчы падзяліўся звесткамі аб ходзе падрыхтоўкі пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў арганізацыі, якое адбудзецца ў Ташкенце ў чэрвені, і на якое запрошана Беларусь.
Паводле яго слоў, міністр замежных спраў краіны - наглядальніка ў ШАС упершыню наведвае штаб-кватэру арганізацыі.
На сустрэчы абмеркаваны пытанні ўдзелу Беларусі ў мерапрыемствах ШАС у якасці наглядальніка пры арганізацыі. Уладзімір Макей выказаў упэўненасць у тым, што прынятае летам 2015 года рашэнне аб павышэнні статусу Беларусі да наглядальніка адпавядае інтарэсам усіх членаў ШАС.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі знаходзіцца з рабочым візітам у Пекіне, дзе ўдзельнічае ў пасяджэнні міністраў замежных спраў краін - членаў Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі (НУМДА). Статус наглядальніка пры НУМДА Беларусь атрымала ў красавіку 2015 года.
Нарада па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі - гэта буйны рэгіянальны форум па развіцці і ўмацаванні супрацоўніцтва, бяспекі, эканамічнага росту і стабільнасці ў Азіі. Узаемадзеянне дзяржаў - членаў НУМДА ажыццяўляецца ў рамках прыярытэтных напрамкаў: эканоміка, экалогія, гуманітарнае і ваенна-палітычнае супрацоўніцтва, барацьба з новымі выклікамі і пагрозамі (тэрарызм, адмыванне незаконных даходаў, кантрабанда наркотыкаў, гандаль людзьмі).
Нарада аб'ядноўвае 26 краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Статус наглядальніка пры Нарадзе акрамя Беларусі маюць Бангладэш, Інданезія, Ліван, Малайзія, Злучаныя Штаты Амерыкі, Украіна, Філіпіны, Японія.