3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску прайшлі афіцыйныя перагаворы міністра абароны Беларусі генерал-лейтэнанта Віктара Хрэніна з першым намеснікам міністра абароны - начальнікам Генеральнага штаба Узброеных Сіл Казахстана генерал-лейтэнантам Муратам Бектанавым. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.
У ходзе сустрэчы Віктар Хрэнін адзначыў адзінства поглядаў на выклікі і пагрозы ва Усходне-Еўрапейскім і Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёнах калектыўнай бяспекі, даў высокую ацэнку ўзроўню ваеннага супрацоўніцтва паміж Казахстанам і Беларуссю і запрасіў казахстанскі кантынгент для ўдзелу ў вучэннях "Захад-2021".
Таксама ў рамках афіцыйнага візіту Мурат Бектанаў сустрэўся з начальнікам Генеральнага штаба - першым намеснікам міністра абароны Беларусі генерал-маёрам Віктарам Гулевічам.
Бакі абмеркавалі бягучы стан двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва і намецілі шляхі яго інтэнсіфікацыі ў галінах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.
Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням павелічэння колькасці і якасці сумесных мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі, пашырэнню кола спецыяльнасцей па навучанні казахстанскіх спецыялістаў у ваенных навучальных установах Беларусі, неабходнасці абмену вопытам у патрыятычным выхаванні моладзі.