2 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь заклікае прыкласці максімум намаганняў для прадухілення размяшчэння ракет сярэдняй і меншай далёкасці на Еўрапейскім кантыненце. Аб гэтым гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі ў сувязі з выхадам ЗША з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
"Рэспубліка Беларусь са шкадаваннем успрыняла выхад ЗША з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД), што вядзе да спынення яго дзеяння, - гаворыцца ў заяве МЗС. - ДРСМД быў адным з найважнейшых элементаў сучаснай раззбраенчай архітэктуры. Дагавор унёс істотны ўклад у зніжэнне напружанасці і ўмацаванне даверу на Еўрапейскім кантыненце праз забарону цэлага класа крылатых і балістычных ракет і фактычна паклаў пачатак практычным крокам у галіне ядзернага раззбраення".
Спыненне дзеяння ДРСМД наносіць сур'ёзны ўрон міжнароднай бяспецы і стратэгічнай стабільнасці, ствараючы перадумовы для гонкі ўзбраенняў у розных рэгіёнах свету, у першую чаргу ў Еўропе.
"Будучы адказным і паслядоўным бокам ДРСМД, Беларусь была гатова ўдзельнічаць у любых канструктыўных намаганнях па захаванні яго жыццяздольнасці. Мы неаднаразова прапаноўвалі вырашаць праблемныя пытанні праз прафесійны і ўзаемапаважлівы дыялог у рамках прадугледжаных дагаворам механізмаў. На жаль, нашы прапановы засталіся без адказу", - адзначаецца з заяве МЗС Беларусі.
Беларускі бок у такой сітуацыі заклікае ўсе зацікаўленыя дзяржавы па абодва бакі Атлантыкі прыкласці максімум намаганняў, каб прадухіліць размяшчэнне ракет сярэдняй і меншай далёкасці на Еўрапейскім кантыненце. Беларусь гатова да канструктыўнай і мэтанакіраванай работы для дасягнення гэтай мэты.