3 лістапада, Бішкек /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова ўзаемадзейнічаць з краінамі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у сферы забеспячэння бяспекі. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на 15-м пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў краін - членаў ШАС, якое праходзіць у Бішкеку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мінулы год паказаў, што ўзаемадзеянне сілавых і праваахоўных ведамстваў цяпер актуальна як ніколі, падкрэсліў Андрэй Кабякоў. І гэта датычыцца абсалютна ўсіх краін. "Беларусь гатова да супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння міжнароднаму тэрарызму і злачынствам у галіне інфармацыйных тэхналогій, незаконнаму перамяшчэнню праз граніцы дзяржаў - членаў ШАС наркатычных і псіхатропных рэчываў, - адзначыў прэм'ер-міністр. - Усе гэтыя негатыўныя праяўленні маюць трансгранічны характар. І эфектыўна процістаяць ім можна толькі аб'яднаўшы нашы агульныя намаганні".
Як член Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Беларусь выступае за паслядоўнае пашырэнне ўзаемадзеяння АДКБ з Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структурай ШАС у галіне ўмацавання бяспекі і стабільнасці, у тым ліку ў сферы інфармацыйнага абмену, процідзеяння рэлігійнаму экстрэмізму і нелегальнай міграцыі.
"Лічу, што для сумеснага абмеркавання згаданых пытанняў быў бы карысным удзел дзяржаўных сакратароў саветаў бяспекі краін-наглядальніц у адпаведных штогадовых сустрэчах дзяржаў - удзельніц ШАС", - дадаў Андрэй Кабякоў.
Перспектыўным ён назваў і развіццё супрацоўніцтва на міжведамасным узроўні. "Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі гатова далучыцца да мерапрыемстваў пад эгідай ШАС у галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у 2017 годзе", - адзначыў кіраўнік урада.
ШАС - гэта пастаянна дзеючая рэгіянальная міжнародная арганізацыя, дзяржавамі-членамі якой з'яўляюцца Кітай, Расія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан. Шэсць краін маюць статус дзяржавы - наглядальніка пры ШАС: Афганістан, Беларусь, Індыя, Іран, Манголія і Пакістан. Рашэнне аб павышэнні статусу Беларусі ў ШАС да наглядальніка было прынята 10 ліпеня 2015 года на Уфімскім саміце кіраўнікоў дзяржаў ШАС. Да гэтага (у 2011-2015 гадах) беларускі бок прымаў удзел у мерапрыемствах арганізацыі ў статусе партнёра па дыялогу ШАС.