Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

25 Ліп 2024

"Беларусь страціла сапраўднага сябра". У пасольстве В'етнама адкрылі кнігу спачуванняў у сувязі са смерцю Нгуен Фу Чонга


25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У пасольстве В'етнама ў Мінску адкрылі кнігу спачуванняў у сувязі са смерцю Генеральнага сакратара ЦК Кампартыі В'етнама Нгуен Фу Чонга. Запісы ў ёй пакінулі прадстаўнікі кіраўніцтва беларускага парламента і органаў дзяржкіравання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Спачуванне ў сувязі з заканчэннем жыццёвага шляху Нгуен Фу Чонга раней выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "З асобай гэтага выдатнага палітычнага дзеяча, з якім я асабіста быў знаёмы, непарыўна звязана станаўленне сучаснага В'етнама. У свеце шырока вядомы яго заслугі ў рэфармаванні партыі, умацаванні яе ролі ў грамадстве, абароне правоў і інтарэсаў працоўных", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь страціла сапраўднага сябра, які ўнёс значны асабісты ўклад у развіццё беларуска-в'етнамскага супрацоўніцтва, пашырэнне міжпартыйных кантактаў і гуманітарнага ўзаемадзеяння.

У пасольства В'етнама, каб выказаць шчырыя спачуванні, асабіста прыбылі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Іпатаў і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей Сівец, першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч, іншыя афіцыйныя асобы. На працягу дня ў будынак дыпмісіі прадаўжаюць прыходзіць прадстаўнікі кіраўніцтва Апарату Савета міністраў, розных арганізацый і дзяржструктур, дыпламатычнага корпуса, каб выказаць сваю салідарнасць з в'етнамскім народам у сувязі са стратай, якая іх напаткала.

Беларусь і В'етнам звязваюць вельмі доўгія і правераныя часам дружалюбныя адносіны і шырокамаштабнае супрацоўніцтва - гандлёва-эканамічнае, палітычнае, сацыяльна-грамадскае, культурнае, адукацыйнае, падкрэсліла Наталля Пяткевіч.

Паводле яе слоў, такое цеснае ўзаемадзеянне дзвюх краін у многім абумоўлена міжасобаснымі адносінамі, якія былі паміж лідарамі Беларусі і В'етнама. "Нгуен Фу Чонг быў добрым сябрам нашай краіны, некалькі разоў праходзілі сустрэчы кіраўніка нашай дзяржавы з гэтым выдатным дзеячам, - сказала першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. - Яго біяграфія заслугоўвае высокай павагі, таму што з маладых гадоў ён аддаў сябе служэнню партыі, дзяржаве".

Асаблівую ўвагу Нгуен Фу Чонг удзяляў развіццю адносін з Беларуссю, і гэта ў тым ліку паўплывала на рост узаемнага тавараабароту паміж краінамі, асабліва ў 2023 і 2024 гадах, і на пашырэнне напрамкаў супрацоўніцтва, падкрэсліла яна.

Устаноўлены сувязі, у прыватнасці, па лініі партыйных арганізацый, устаноў адукацыі, культуры. "Вядома, сябры павінны быць побач не толькі ў радасныя хвіліны, але і ў хвіліны смутку. Па твары пасла можна заўважыць, наколькі гэта цяжкая для кожнага грамадзяніна В'етнама страта. У гэты дзень мы падзяляем боль з нашымі сябрамі, з братэрскім в'етнамскім народам", - сказала Наталля Пяткевіч.

"Ад імя Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выказваю глыбокія спачуванні ў сувязі са смерцю Генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В'етнама таварыша Нгуен Фу Чонга, - гаворыцца ў запісе ў кнізе спачуванняў, які пакінула Наталля Пяткевіч. - В'етнам панёс цяжкую страту, застаўшыся без выдатнага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча, лідара нацыі і патрыёта, вопытнага настаўніка маладога пакалення, абаронцы прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці і інтарэсаў працоўных". Нгуен Фу Чонг застанецца ў памяці беларусаў як кіраўнік братэрскага В'етнама, які асабіста прымаў удзел у выбудоўванні і ўмацаванні дружалюбных беларуска-в'етнамскіх адносін, адзначаецца ў спачуванні. І гэта багатая спадчына дапаможа дзвюм краінам яшчэ доўга плённа ўзаемадзейнічаць па шырокім спектры напрамкаў. "У цяжкі для В'етнама час перадаю словы падтрымкі родным і блізкім таварыша Нгуен Фу Чонга, саратнікам па партыйнай і дзяржаўнай рабоце, а таксама ўсяму в'етнамскаму народу", - гаворыцца ў спачуванні.

Шчырыя спачуванні в'етнамскаму народу ў сувязі са смерцю Нгуен Фу Чонга ад імя ўсяго Нацыянальнага сходу выказаў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў: "Гэта сапраўды быў палымяны змагар за шчасце свайго народа, ён прысвяціў усё сваё жыццё суверэнітэту і незалежнасці сваёй роднай краіны. Мы шчыра спачуваем і выказваем словы падтрымкі в'етнамскаму народу". Ён таксама падкрэсліў асаблівую ролю Нгуен Фу Чонга ва ўсталяванні добрых адносін Беларусі і В'етнама, якія напэўна такімі застануцца ў будучым.

У кнізе спачуванняў Вадзім Іпатаў і Сяргей Сівец зрабілі запіс, у якім адзначылі, што беларускія парламентарыі з глыбокім смуткам успрынялі вестку аб смерці выдатнага палітыка і дзяржаўнага дзеяча В'етнама Нгуен Фу Чонга. "Таварыш Нгуен Фу Чонг быў вядомы сваёй вернасцю ідэалам Камуністычнай партыі В'етнама і адданасцю служэнню дзяржаве і народу. Ён праводзіў паслядоўную палітыку, якая садзейнічала ўмацаванню ўсенароднага адзінства, незалежнасці краіны і яе значнаму эканамічнаму росту, - гаворыцца ў спачуванні. - Выдатныя здольнасці кіраўніка і выключныя чалавечыя якасці здабылі Нгуен Фу Чонгу вялікую павагу як у В'етнаме, так і за яго межамі".

Адзначаецца, што беларускія парламентарыі з цеплынёй успамінаюць візіт Нгуен Фу Чонга ў Мінск у красавіку 2009 года на пасадзе старшыні Нацыянальнага сходу Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам. Вадзім Іпатаў і Сяргей Сівец выказалі шчырыя спачуванні родным і блізкім Нгуен Фу Чонга, а таксама ўсяму в'етнамскаму народу ў сувязі з гэтай цяжкай стратай.

"Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь глыбока смуткуе з прычыны смерці Генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В'етнама, выказвае шчырыя глыбокія спачуванні, а таксама адрасуе словы падтрымкі яго родным, блізкім, саратнікам, усяму в'етнамскаму народу. У Беларусі Нгуен Фу Чонга будуць з вялікай цеплынёй памятаць як сапраўднага сябра нашай краіны і мудрага палітыка", - гаворыцца ў запісе, зробленым кіраўніком Апарату Савета Міністраў, членам Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу Канстанцінам Бураком.

Першы намеснік кіраўніка МЗС Сяргей Лукашэвіч ад імя ўсіх работнікаў знешнепалітычнага ведамства выказаў салідарнасць з в'етнамскім народам, які перажывае горыч страты. "Мы з в'етнамскім народам, пасольствам В'етнама ў Мінску знаходзімся разам у гэты журботны час, - сказаў ён. - Безумоўна, сябры павінны заставацца сябрамі не толькі ў радасці, але і ў такія сумныя моманты, таму мы тут, каб выказаць і прадэманстраваць нашы шчырыя адносіны".

Характарызуючы двухбаковыя адносіны дзяржаў, Сяргей Лукашэвіч падкрэсліў, што яны маюць доўгую гісторыю і глыбіню. "Мы добра дружым на міжнародных пляцоўках, узаемадзейнічаем па палітычным вектары і ў гандлёва-эканамічным напрамку", - адзначыў ён.

"Таварыш Нгуен Фу Чонг унёс вялікі ўклад у развіццё дружалюбных адносін паміж Беларуссю і В'етнамам. Яго ролю ў збліжэнні народаў нашых краін цяжка пераацаніць, - такі запіс у кнізе спачуванняў пакінуў Сяргей Лукашэвіч. - У гэтыя цяжкія дні перадаю словы падтрымкі і суцяшэння сям'і і блізкім. Смуткуем разам з усім в'етнамскім народам".

Запіс у кнізе спачуванняў у пасольстве В'етнама зрабіў таксама старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў. Ад імя Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і беларускай дзелавой супольнасці ён выказаў глыбокія спачуванні родным, блізкім, калегам Нгуен Фу Чонга і ўсяму народу В'етнама.

"Мы ў БелГПП падзяляем горыч страты і просім прыняць наша шчырае спачуванне і падтрымку ў гэту журботную хвіліну. Светлая і добрая памяць аб вашым выдатным лідары заўсёды будзе суправаджаць развіццё адносін партнёрства паміж дзелавымі коламі Беларусі і В'етнама", - гаворыцца ў спачуванні.


 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі