Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

14 Ліп 2017

Беларусь рыхтуе новыя ідэі ў мэтах садзейнічання міру ва Украіне

14 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь рыхтуе новыя ідэі ў мэтах садзейнічання міру ва Украіне. Аб гэтым гаворыцца ў інтэрв'ю міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея іспанскаму выданню El Pais. Пераклад інтэрв'ю на рускую мову размешчаны на сайце знешнепалітычнага ведамства Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

"Калі два браты сварацца, трэці павінен памірыць іх, - сказаў міністр замежных спраў. - Мы не маглі застацца ўбаку". У інтэрв'ю са спасылкай на Уладзіміра Макея адзначаецца, што Беларусь рыхтуе новыя ідэі для таго, каб надаць новы імпульс мінскім дамоўленасцям - асноўнай перагаворнай пляцоўцы па пытанні ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны, у якой пад эгідай АБСЕ ўдзельнічаюць Германія, Францыя, Украіна і Расія.

"Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб мірны працэс ва Украіне прадаўжаўся больш дынамічна", - заявіў міністр. Ён растлумачыў, што абвастрэнне канфлікту акрамя таго, што прыносіць эканамічныя страты, стварае небяспеку ў сувязі з магчымай кантрабандай зброі і нелегальнай міграцыяй.

"Прэзідэнт Беларусі вылучыў шэраг ініцыятыў, але не ўсе яны былі падтрыманы", - гаворыць міністр. Некаторыя "канфідэнцыяльныя прапановы не атрымалі ніякага адказу", удакладняе Уладзімір Макей, спасылаючыся на тыя прапановы, якія Аляксандр Лукашэнка перадаў у ЕС пры садзейнічанні Дональда Туска ў той час, калі апошні быў прэм'ер-міністрам Польшчы, гаворыцца ў публікацыі.

Са спасылкай на Уладзіміра Макея адзначаецца, што Беларусь і яе кіраўніцтва было гатова і да больш рашучых дзеянняў у пытанні садзейнічання ўрэгуляванню крызісу ва Украіне. У далейшым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў, каб Беларусь "узяла на сябе асноўную адказнасць" па забеспячэнні "строгага кантролю" на расійска-ўкраінскай граніцы. "Ідэя не была прынята ніводным з бакоў", прызнае міністр, паводле слоў якога гэта пагранічная місія Беларусі магла б быць рэалізавана "нашымі сіламі або з удзелам іншых", прыводзіць яго словы El Pais.

"Падпісаныя 12 лютага 2015 года мінскія пагадненні здаваліся "прымальнымі для ўсіх, але потым, калі ўдзельнікі вярнуліся ў свае дзяржавы", пачаліся рознагалоссі, і "цяпер цяжка сказаць, на чыім баку праўда". Павінен быць аб'ектыўны механізм, які дасць магчымасць з дакладнасцю кантраляваць ступень выканання ўсіх дамоўленасцей, якія былі дасягнуты або якія могуць быць дасягнуты, і ў выпадку ўзнікнення праблемнай сітуацыі прыняць меры для яе вырашэння. Для гэтага неабходна правесці яшчэ адно пасяджэнне, незалежна ад месца яго правядзення, з магчымым удзелам іншых суб'ектаў, такіх, як ЕС і ЗША, і прымусіць усе бакі дасягнуць канкрэтных дамоўленасцей і сачыць за іх выкананнем". Міністр не хацеў бы раскрываць дэталі, але ён запэўнівае, што "ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу" будзе абмяркоўвацца Аляксандрам Лукашэнкам са сваім украінскім калегам Пятром Парашэнкам, у бліжэйшы час у Кіеве", - гаворыцца ў публікацыі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі