4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на новыя праекты з Кыргызстанам. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Кыргызстана Улукбекам Марыпавым у Алматы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Упэўнены, што маючае адбыцца пасяджэнне міжурадавай беларуска-кыргызскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве дасць магчымасць расставіць кропкі над некаторымі праектамі", - сказаў Раман Галоўчанка.
Паводле слоў прэм'ер-міністра, нягледзячы на ўсе складанасці мінулага года, гандлёва-эканамічныя адносіны паміж краінамі развіваліся даволі паспяхова. Тавараабарот паміж Беларуссю і Кыргызстанам у 2020 годзе вырас з $69 млн да $75 млн і склаў 108,9 працэнта да 2019 года. Прычым рост паставак адзначаецца з абодвух бакоў.
"У нас склаліся вельмі добрыя, трывалыя сувязі паміж суб'ектамі гаспадарання, паміж кіраўнікамі рэгіёнаў. Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва выбудоўваецца паміж Беларуссю і Кыргызстанам вельмі прагматычна і ўзаемавыгадна", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.
З улікам таго, што Кыргызстан - аграрная краіна, асаблівую ўвагу там удзяляюць сельгасмашынабудаванню. Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва ў гэтым напрамку, у тым ліку па праекце зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў у Кыргызстане.
Раман Галоўчанка павіншаваў Улукбека Марыпава з назначэннем на пасаду прэм'ер-міністра, назваўшы работу на гэтай пасадзе "складанай і вельмі адказнай".
"Мы рады, што дружалюбны Кыргызстан паспяхова выйшаў з турбулентнага перыяду, і за кароткі тэрмін сітуацыя стабілізавалася, сфарміраваны органы ўлады, гэта вельмі важна", - падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.
Улукбек Марыпаў пацвердзіў, што сітуацыя ў Кыргызстане стабілізавалася, і новы ўрад пачынае работу.
Ён адзначыў цеснае супрацоўніцтва з Беларуссю і выказаў гатоўнасць у гэтым годзе правесці пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі на тэрыторыі Кыргызстана.