2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская дэлегацыя на чале з Пастаянным прадстаўніком пры Аддзяленні ААН у Жэневе Юрыем Амбразевічам у рэжыме відэа-канферэнц-сувязі 2 лістапада прыняла ўдзел у рабоце 36-й сесіі рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе (УПА) у Савеце ААН па правах чалавека, у рамках якой Беларусь прайшла чарговы (трэці) цыкл УПА. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У час прадстаўлення нацыянальнага даклада Юрый Амбразевіч праінфармаваў аб сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных пераўтварэннях у нашай краіне з моманту другога цыкла УПА, які Беларусь прайшла ў 2015 годзе. Беларускі дыпламат прыцягнуў увагу да комплекснага Нацыянальнага плана па правах чалавека, зацверджанага ўрадам Беларусі ў кастрычніку 2016 года. Кіраўнік беларускай дэлегацыі выказаў поўную падтрымку УПА, падкрэсліўшы, што Беларусь разглядае яго як важнейшы інструмент міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы правоў чалавека, які забяспечвае разгляд сітуацыі з правамі чалавека ва ўсіх краінах свету, без выключэння, на прынцыпах універсальнасці і раўнапраўя.
"У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй работа 36-й сесіі рабочай групы па УПА праходзіць у гібрыдным фармаце, што прадугледжвае абмежаваны асабісты ўдзел прадстаўнікоў беларускай дыпмісіі ў Жэневе і дыстанцыйны ўдзел нацыянальнай дэлегацыі з Мінска, - гаворыцца ў паведамленні. - У склад дэлегацыі Беларусі ўвайшлі першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Валерый Калінковіч, намеснік генеральнага пракурора Дзмітрый Гара, кіраўніцтва структурных падраздзяленняў міністэрстваў унутраных спраў, замежных спраў, аховы здароўя, інфармацыі, адукацыі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, працы і сацыяльнай абароны, юстыцыі, Следчага камітэта, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў".
У дыскусіі па ўніверсальным перыядычным аглядзе па Беларусі прынялі ўдзел 98 дзяржаў - членаў ААН, якія ацанілі ступень рэалізацыі нашай краінай рэкамендацый папярэдняга цыкла УПА і адрасавалі Беларусі новыя рэкамендацыі ў сферы правоў чалавека на чарговы перыяд.
УПА - універсальны механізм, створаны ў мэтах агляду сітуацыі з правамі чалавека ва ўсіх краінах свету без выключэння, а таксама ступені рэалізацыі дзяржавамі ўсяго спектра правоў чалавека: эканамічных, палітычных, сацыяльных, грамадзянскіх і культурных. Краіны праходзяць агляд адзін раз у 4,5 года. Першы цыкл УПА Беларусь прайшла ў маі 2010 года, другі - у маі 2015 года.
У ходзе 36-й сесіі рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе ў Савеце ААН па правах чалавека трэці цыкл УПА таксама праходзяць Андора, Балгарыя, Гандурас, Ліберыя, Лівія, Малаві, Манголія, Мальдыўскія астравы, Маршалавы астравы, Панама, ЗША, Харватыя, Ямайка.