16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шэстакоў 17 лістапада ў Ерэване прыме ўдзел у восьмым раўндзе нефармальных міністэрскіх дыялогаў краін - удзельніц ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.
Мерапрыемства будзе ўключаць два сегменты: дыскусію кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін "Усходняга партнёрства" па перспектывах шматбаковага супрацоўніцтва і тэматычную сустрэчу кіраўнікоў ведамстваў, што курыруюць пытанні навуковых даследаванняў і інавацый, на якой будуць абмеркаваны магчымасці для пашырэння ўзаемадзеяння з Еўрапейскім саюзам у гэтай сферы.
У беларускую дэлегацыю ўваходзіць таксама старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін.
Нефармальныя міністэрскія дыялогі краін - удзельніц "Усходняга партнёрства" на ўзроўні міністраў замежных спраў і кіраўнікоў галіновых ведамстваў праводзяцца з 2012 года.