9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку добрасуседства і міралюбнасці, помнячы ўрокі вайны. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску з нагоды 71-й гадавіны Вялікай Перамогі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Найвялікшае дасягненне сённяшніх дзён - мір і спакой на планеце і нашай роднай зямлі. Помнячы ўрокі вайны, мы праводзім паслядоўную палітыку добрасуседства і міралюбнасці. Нам дарагія брацкія адносіны з рускімі і ўкраінцамі. Мы высока цэнім дружбу і супрацоўніцтва з іншымі нацыямі і дзяржавамі. І мы зробім усё, каб беларуская зямля заўсёды заставалася шчаслівым кутком стабільнасці, стварэння і добрай волі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Таму ў Беларусі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, клапоцяцца аб бяспецы краіны, пастаянна ўмацоўваючы яе абаронны патэнцыял і адстойваючы мірныя спосабы вырашэння любых праблем на міжнароднай арэне.
"Так завяшчалі нам нашы бацькі і дзяды, прадзеды, якія цаною жыцця абаранілі Радзіму ад карычневай чумы, - рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі. - Са святам Вялікай Перамогі вас, дарагія сябры і госці беларускай сталіцы! Шчасця і дабрабыту ўсім вам!"