24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску прайшлі кансультацыі прадстаўнікоў Узброеных Сіл Беларусі з дэлегацыяй НАТА па пытаннях удзелу беларускага боку ў працэсе планавання і ацэнкі сіл праграмы НАТА "Партнёрства дзеля міру". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Мінабароны.
"У час перагавораў бакі абмеркавалі праект новага пакета мэт партнёрства на чарговы двухгадовы перыяд, удакладнілі шэраг практычных пытанняў па іх рэалізацыі, а таксама намецілі шляхі па ўдасканаленні ўзаемадзеяння паміж Міністэрствам абароны і структурнымі падраздзяленнямі альянсу па праграме", - расказалі ў беларускім ведамстве.
Пры гэтым дэлегацыя НАТА адзначыла сур'ёзную работу Міністэрства абароны па праграме "Партнёрства дзеля міру", планавасць і ўсебаковы падыход да арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў па яе рэалізацыі.