10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе стварыць у ААН групу для адстойвання інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу. Такую ідэю агучыў намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў 9 лютага ў Нью-Ёрку ў час сустрэчы дзяржаў - членаў ААН, якія з'яўляюцца актыўнымі прыхільнікамі пашырэння інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага МЗС.
На думку беларускага прадстаўніка, шматбаковыя намаганні ў галіне развіцця, у тым ліку парадак дня ААН устойлівага развіцця да 2030 года, павінны ўключаць комплекснае скаардынаванае садзейнічанне краінам з сярэднім узроўнем даходу. "Валянцін Рыбакоў прапанаваў, каб найбольш актыўныя прыхільнікі гэтай ідэі, уключаючы Беларусь, сфарміравалі асобную групу ў ААН для калектыўнага адстойвання інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу", - адзначылі ў прэс-службе МЗС.
Намеснік міністра прадставіў падыходы Беларусі, накіраваныя на павышэнне ўвагі ў ААН да гэтай катэгорыі краін, у якіх пражывае больш за палавіну насельніцтва планеты.
Удзельнікі сустрэчы - кіраўнікі місій пры ААН, што прадстаўляюць дзяржавы розных рэгіянальных груп, - дамовіліся аб далейшых сумесных кроках, якія садзейнічалі б устойліваму развіццю краін з сярэднім узроўнем даходу.