26 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой 26 чэрвеня сустрэўся з паслом Рэспублікі Гана ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве Леслі Акуа Акяа Апоку-Варэ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускай дыпмісіі.
"Сустрэча адбылася па выніках візіту Леслі Акуа Акяа Апоку-Варэ ў Мінск і ўручэння даверчых грамат Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Пасол Ганы высока ацаніла ўрачыстую цырымонію і праведзеную размову з кіраўніком беларускай дзяржавы па ключавых напрамках беларуска-ганскага ўзаемадзеяння. Леслі Акуа Акяа Апоку-Варэ інфармавала аб праведзеных у Мінску сустрэчах з міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам, кіраўнікамі шэрага іншых міністэрстваў і ведамстваў. Пасол Ганы падкрэсліла прадукцыйнасць гэтых кантактаў і дасягненне дамоўленасцей па далейшых кроках у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай галінах", - расказалі ў прэс-службе.
"Дзмітрый Крутой вылучыў у якасці прыярытэтных сфер прыкладання намаганняў развіццё праектаў у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, медыцыне, наладжванне сувязей паміж профільнымі ведамствамі і дзелавымі коламі Беларусі і Ганы для надання імпульсу гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву", - адзначылі ў дыпмісіі.
Пасол Беларусі запрасіў Леслі Акуа Акяа Апоку-Варэ і дэлегацыю Рэспублікі Гана наведаць у ліпені традыцыйныя, ужо вядомыя ў многіх краінах свету мерапрыемствы - рэспубліканскае свята "Купалле" ў Александрыі і фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
"Дзмітрый Крутой і Леслі Акуа Акяа Апоку-Варэ зноў пацвердзілі гатоўнасць да сумеснай работы па паслядоўным умацаванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, дамовіліся садзейнічаць актывізацыі палітычнага дыялогу і абмену візітамі на ўсіх узроўнях", - дадалі ў прэс-службе.