15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапанавала Малдове стварыць дарожна-будаўнічы кансорцыум і чыгуначныя вытворчасці. Гэта пытанне абмяркоўвалася 12 чэрвеня на сустрэчы пасла Беларусі ў Малдове Анатоля Калініна з міністрам эканомікі і інфраструктуры Малдовы Сяргеем Райлянам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
У час перагавораў Анатоль Калінін адзначыў гатоўнасць Беларусі падзяліцца сваім вопытам у будаўніцтве бетонных аўтамабільных дарог і ўзлётна-пасадачных палос, мадэрнізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспартнай інфраструктуры. "Для пашырэння ўзаемадзеяння і выбудоўвання доўгатэрміновага супрацоўніцтва малдаўскаму боку прапанавана вывучыць магчымасць стварэння сумеснага дарожна-будаўнічага кансорцыума, а таксама кааперацыйных вытворчасцей па рамонце чыгуначнага рухомага саставу і адпаведнай інфраструктуры ў Малдове", - расказалі ў МЗС.
Бакі адзначылі канструктыўны характар беларуска-малдаўскага ўзаемадзеяння і дамовіліся ўзгадніць тэрміны правядзення ў Мінску чарговага пасяджэння міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі.
Анатоль Калінін і Сяргей Райлян лічаць, што Беларусь і Малдова маюць значны нерэалізаваны патэнцыял у сферах гандлю і эканомікі. Яны дамовіліся паскорыць работу па рэалізацыі сумесных кааперацыйных праектаў у галіне прамысловасці, транспарту і дарожнага будаўніцтва, дадалі ў міністэрстве.